Упэўненасць у сабе і сіла духу

Моцнае здароўе і выдатная фізічная падрыхтоўка, сіла волі і мэтанакіраванасць, упэўненасць, здольнасць абараніць сябе і сваіх блізкіх – гэтыя і іншыя станоўчыя якасці дапамагае выхоўваць спорт і, у прыватнасці, баявыя адзінаборствы.

Многія юныя бялынічане аддаюць перавагу рукапашнаму бою. І гэта не выпадкова – ваенна-спартыўнае патрыятычнае аб’яднанне “Дынамавец”, якое дзейнічае на базе МЦ “Ветразь” з 2000 года, пастаянна даказвае свой высокі ўзровень. Яго арганізатарам і нязменным трэнерам з’яўляецца Аляксандр ДАЛЖАНКОЎ, які, дарэчы, мае званне майстра спорту па рукапашным баі.

долж

Зараз у аб’яднанні займаюцца каля 50 рабят ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Колькасць жадаючых асвоіць гэты від спорту не памяншаецца – на месцы сёлетніх выпускнікоў у верасні прыйдуць навічкі. Таксама ў вольны час трэніроўкі наведваюць бялыніцкія хлопцы, якія цяпер вучацца ў Магілёве і іншых гарадах. Аб папулярнасці аб’яднання сведчыць таксама і тое, што бацькі прывозяць на заняткі сваіх дзяцей з Машчаніцы, Мокравіч, Ермалавіч, Навасёлак Вішоўскага сельсавета.

Чым жа “рукапашка” прыцягвае хлопцаў?

Рукапашны бой – гэта ўніверсальная сістэма абароны і нападзення, якая ўключае ў сябе барцоўскую і ўдарную тэхнікі рукамі і нагамі, болевыя прыёмы, спалучае самыя лепшыя элементы з іншых відаў адзінаборстваў, такіх, як бокс, тайскі бокс, грэка-рымская барацьба, самба, каратэ, дзюдо…

партер

Як ваенна-прыкладны від спорту рукапашны бой узнік напрыканцы 1970-х гадоў дзякуючы энтузіястам баявых мастацтваў і спартыўных інструктараў паветрана-дэсантных войск. Але па-за межамі арміі ў яго аматараў часта ўзнікалі праблемы. “Рукапашку” прыраўнялі да каратэ, якое ў той час апынулася пад забаронай. Лічылася, што гэтыя адзінаборствы не адпавядаюць савецкаму ладу і будуць спрыяць павелічэнню колькасці хуліганаў, якія навучацца вельмі добра біцца. Таму навучанне ў секцыях прыёмам забаранялася і магло выклікаць пакаранне аж да пазбаўлення волі.

Як раз у гэты час рукапашным боем захапіўся і Аляксандр Далжанкоў. Ён займаўся самастойна і разам з такімі ж аматарамі, потым удасканальваў сваё майстэрства падчас службы ў ПДВ на тэрыторыі Афганістана.

Вярнуўшыся на радзіму, працаваў дырэктарам стадыёна ў Ліпавым гаі. У гэты час яго і запрыкмеціла кіраўніцтва камсамола, прапанаваўшы арганізаваць спартыўную секцыю. Так у 1987 годзе з’явіўся клуб “Юны дэсантнік”. Трэніроўкі праводзіліся ў спартзале СШ № 2, затым у ПТВ-217. Улічваючы адносіны да гэтага адзінаборства, часам прыходзілася маскіравацца пад правядзенне заняткаў па агульнафізічнай падрыхтоўцы. Аляксандр Аляксеевіч адзначае, што многія з тых, хто займаўся ў яго на мяжы 1980-1990-х гадоў, зараз прыводзяць на заняткі ўжо сваіх дзяцей. А бацькі, як вядома, дрэннага не параяць.

У плане фізіялогіі пры рэгулярных занятках рукапашным боем умацоўваецца цела, нарошчваецца мышачная маса, развіваюцца рэакцыя, хуткасць і, што важна, – упэўненасць у сабе і сіла духу. Ну і, вядома, здольнасць пастаяць за сябе ў крытычнай сітуацыі.

лапы

Як любое баявое мастацтва, рукапашны бой спрыяе выхаванню падлеткаў: адцягвае дзяцей ад вуліцы, ад прыхільнасці да шкодных звычак. Напрыклад, курэнне ў Аляксандра Далжанкова пад строгай забаронай. Выхаванцы прывыкаюць да дысцыпліны, вучацца паважаць старэйшых і сапернікаў.

Свае баявыя навыкі хлопцы правяраюць на турнірах розных відаў: па рукапашным баі, панкратыёне і MMА (змешаныя  адзінаборствы), якія адрозніваюцца ўзроўнем жорсткасці і дазволенасці прыёмаў пры вядзенні барацьбы на рынгу. І, варта адзначыць, бялыніцкія байцы знаходзяцца на добрым рахунку, бо на некаторыя турніры можна трапіць толькі па асабістым запрашэнні арганізатараў. А Бялынічы – адзіны райцэнтр у рэспубліцы, у якім рукапашны бой культывуецца на такім высокім узроўні.

На чэмпіянаце Беларусі па панкратыёне-2017 бронзавымі прызёрамі ў сваіх катэгорыях сталі Максім КЛЕПЧА і Аляксандр БЯЗМЕН. Апошні таксама заваяваў бронзавы медаль на міжнародным турніры па панкратыёне ў Гомелі.

Сёлета выхаванцы аб’яднання выдатна выступілі на турніры па рукапашным баі сярод юнакоў і падлеткаў, прысвечаным памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, што праходзіў у Бялынічах.

У лютым і сакавіку гэтага года ў Магілёве прайшлі турніры па вулічных баях “Стрэлка”. У першым з іх прынялі ўдзел два, а ў другім – ужо чатыры байцы старэйшага ўзросту з Бялынічаў. У сваіх сутычках перамогі накаўтам атрымалі Арцём СКУБІЛАЎ, Алег МІЛІЦКІ, Арцём РАМАНАЎ і Вадзім ПАЎЛОЎСКІ.

болевой

У канцы красавіка бялыніцкія рукапашнікі прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства на спаборніцтвах па баявым панкратыёне ў Мар’інай Горцы, на якія яны трапілі па персанальным запрашэнні Федэрацыі армейскага рукапашнага бою і панкратыёну Беларусі.

Як адзначае Аляксандр Далжанкоў, заняткі ў аб’яднанні “Дынамавец” арыентуюць падлеткаў і на прафесійнае самавызначэнне. Яго выхаванцы звычайна праходзяць тэрміновую ваенную службу ў сілах спецыяльнага прызначэння або ў ПДВ. Сёлетнія выпускнікі Аляксандр Бязмен і Яўген ЦЫБУЛЬСКІ збіраюцца паступаць у Акадэмію МУС. Дый наогул, аб’яднанне можна назваць “кузняй кадраў” для сілавых структур. Многія з тых, хто калісьці займаўся ў ім рукапашным боем, цяпер служаць ва Узброеных Сілах, органах унутраных спраў, МНС, пракуратуры Беларусі.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *