Захоўваюць ідэалы міру і дабра

Да нядаўняга часу Цяхцінскі ВПК ДС СШ з’яўляўся адзінай установай адукацыі ў вобласці, дзе з 2014 года рэалізоўваецца праект Школа Міру. З мінулага года да міратворчага руху далучылася і СШ № 11 г. Магілёва. У чацвер у Цяхціне прайшла сустрэча па абмене вопытам гэтых дзвюх школ, якія маюць статус Школы Міру.

стэнд

У насычаным мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алег КОРАПАЎ, намеснікі старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА і кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Ірына РАІНЧЫК, старшыні абласнога аддзялення і раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Валянціна МЕЛЬНІКАВА і Таццяна МЯКШЫНА, Цяхцінскага сельсавета Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА і, вядома ж, шматлікія педагогі і вучні абедзвюх школ.

Цяхцінскія міратворцы пазнаёмілі гасцей з асноўнымі напрамкамі рэалізацыі імі праекта Школа Міру. А гэта самыя разнастайныя акцыі, мерапрыемствы, творчыя конкурсы, накіраваныя на фарміраванне ў вучняў пачуцця асабістай прыналежнасці да захавання міру і гераічнай спадчыны продкаў. Дый проста добрыя справы, якія даказваюць прыхільнасць ідэям міратворчасці, здароваму ладу жыцця, наяўнасць актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Пасля агляднай экскурсіі па ўстанове адукацыі і наведання школьнага музея ў актавай зале прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якім чаргаваліся канцэртныя нумары, выступленні, уручэнні падарункаў і прызоў. Юныя міратворцы прэзентавалі свае праекты ў рамках акцыі “У страі заўсёды, у памяці навечна”. Гэта дзейнасць уключае ў сябе збор і захаванне інфармацыі аб пакаленні пераможцаў, дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікам тылу.

– Самае дарагое і каштоўнае, што ў нас ёсць – гэта мiр на вялікай і малой радзіме, у нашых сем’ях, – адзначыў у прывітальным слове Алег Корапаў. – Хачу падзякаваць усім за тое, што вы шмат робіце для захавання ідэалаў міру і дабра. Прычым, робіце гэта свядома. Менавіта ад такіх людзей, як вы, залежыць наша агульная будучыня – мірная, светлая, упэўненая.

Ветэран педагагічнай працы Лілія ШАКУРА стаяла ля вытокаў узнікнення руху Школа Міру на Бялыніччыне. Яна адзначыла, што хоць гэты праект і рэалізуецца параўнальна нядаўна, многія пакаленні нашых землякоў на практыцы з’яўляліся прыхільнікамі ідэі міратворчасці. Яны выпакутавалі яе ў страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны. У канцы 1980-пачатку 1990-х гадоў, ды і зусім нядаўна ў сувязі з сітуацыяй на Данбасе прадстаўнікі розных народаў былога Савецкага Саюза знайшлі тут мір і спакой. Прыдруцкі край стаў для многіх з іх другой радзімай.

Пасля завяршэння канцэрта ўдзельнікі мерапрыемства дружна запусцілі ў неба паветраныя шары, усклалі гірлянды і кветкі да помнікаў загінулым землякам у аг. Цяхцін і Герою Савецкага Саюза Асману Касаеву ў вёсцы Вугольшчына. Затым яны наведалі адноўленую партызанскую зямлянку 121-га партызанскага палка ў лесе каля Асмолаўкі. Апошнім пунктам у вялікай праграме сустрэчы па абмене вопытам стала экскурсія ў музей СВК “Калгас “Радзіма” ў аг. Вішоў.
усклад

перам

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *