Каб засталіся не толькі на карце

Зараз на тэрыторыi нашага раёна налiчваецца 181 сельскi населены пункт. Яшчэ 15 гадоў таму iх было 194. Вядома, насельнiцтва старэе i, на вялікі жаль, памiрае. Моладзь жа не надта хоча жыць у бацькоўскiх хатах, iмкнецца асесці ў гарадах. А калiсьцi вёсак у Прыдруцкiм краi было нашмат больш.

кап1

Не так даўно мне трапiла ў рукi карта раёна даваеннай пары, дакладней, 1936 года. Картаграфiчны матэрыял аказаўся даволi сур’ёзным, з грыфам “для сакрэтнага выкарыстання”. Вельмi незвычайна было пабачыць на карце замест сённяшніх лясоў i балот шматлiкiя сельгасугоддзi, i наадварот. Асаблiва зацiкавiлi незнаёмыя вёскi i хутары, на месцы якiх цяпер цi то поле, цi то лес. 

Дзеля зручнасці месцазнаходжанне неiснуючых зараз вёсак прыводжу ў тэрытарыяльнай прывязцы да колiшнiх калгасаў i саўгасаў раёна, назвы якiх, спадзяюся, многiя яшчэ памятаюць. У дужках падаецца колькасць тагачасных домаўладанняў (на карце маецца i такая iнфармацыя).

Дык вось, перад вамi, шаноўныя чытачы, пералiк 110 вёсак, у якіх жылi i працавалi нашы землякi 82 гады таму i якiх, на жаль, сёння няма нават на сучаснай геаграфiчнай карце раёна.

Саўгас “Бялынiчы” (цэнтральная сядзіба ў Бялынічах):

Паўлаўка (3) – 1 км ад Бярозаўкi, на шашы Мiнск-Магiлёў; Завiдаў (6) – раней там размяшчаўся палiгон ПЛ № 17; Курган (10) – зараз там новыя гарадскiя ачышчальныя збудаванні; Чырвонае Балота (15) – на гары перад лесам па абодва бакi ад дарогi на пратэiнавы завод; Роўнiца (3)– за Слабадой, 0,3 км ад Друці, на мяжы з былым калгасам iмя Кiрава; Новы Шлях (15) – зараз гэта частка вуліцы iмя Купалы, вул. Заслонава, база ПМК-82 у Бялынiчах; Тураўка (7) – тэрыторыя ДIСI; Чырвоная Ёлка (20) – поле перад Шылавiцкiм садам; Лапаты (7) – зараз вядома пад назвай урочышча Арахоўскае Поле, на рацэ Няропля.

Калгас“Камiнтэрн” (Малы Кудзін):

Новы Пачапок (10), Лiпiншчына (14) – на поўнач ад Пачапка; Кнiжына (8) – памiж Пушчай і Веткай; Падвязак (12) – цяперашнi канец вёскі Малы Кудзiн (каля могiлак); а таксама сем пасёлкаў памiж Кудзiнам i Галоўчынам, дзе зараз чыстае поле: Гараватка (40), Краснагор’е (4), Баранаўка (4), Пабеда (4), Дубраўка (14),  Кастрычнiк (19), Ленiнск (17).

Калгас “Наша Перамога” (Галоўчын):

Зялёныя Лiпы (10) – насупраць Сурдаў, каля моста; чатыры пасёлкi памiж дарогай на Круглае i ракой Вабіч: Старая Сакалоўка (10), Галдабуршчына (8), Новая Сакалоўка (там цяпер жывёлагадоўчы комплекс), Пятровiшчы (7) – 1 км на поўнач ад вёскi Гуры.

Калгас iмя Ленiна (Навасёлкі):

Тая частка вёскі Iзобiшча, якая цяпер справа ад дарогi на Навасёлкi, складалася з чатырох пасёлкаў: Малое Поле (5), Дальнi Усход (9), Ялоўня (18), Зашляшша (5).

Калгас iмя Фрунзе (Ермалавічы):

Грыгор’еўка (12) – зараз гэта заходняя ўскраіна вёскі Голубаўка; Голубаўскiя Хутары (16) – на поўдзень ад вёскi, у полi; Ермалавіцкiя Хутары (63) – на поўдзень ад вёскi, у полi.

Калгас “Радзiма” (Вішоў):

Гарнаўшчына (7) – раней на месцы паселішча знаходзіліся школа, турбаза; Вiшоўскiя Хутары (105) – зараз там калгасны сад СВК “Калгас “Радзіма”; Зялёны Кут (9), Надзея (5), Вялiкi Нежкаў (24) – гэта сучасны аграгарадок Вішоў; Высокае (25) – на беразе ракі Вабiч, насупраць Сіпайлаў; Каменка (14) –  зараз гэта тэрыторыя жывёлагадоўчага комплексу “Усход”; Нежкава (5) – насупраць Гняздзiнскай МТФ, у полі.

Калгас “Ленiнскi заклiк” (Лямніца):

Пушча (25), Бярозаўка (7) – на поўдзень ад Рафалава (сёння – земля лясгаса); Войнава (12) – цяпер частка вёскі Пральня (каля саду); Дубровiца (10) – памiж Пральняй i Рудняй (зараз тут зямля лясгаса).

Калгас “Запаветы Ленiна” (Камяніца):

Рэзы (3) – за Сiпайламi на ўскрайку лесу; Усход (12) – частка Вялікага Нежкава ў раёне МТФ; Гарадок (9) – зараз там электрападстанцыя; пяць пасёлкаў памiж Нежкавам i Камянiцай: Усходняя Зара (24), Анiськаўшчына (13), Грыгор’еўка (4), Каменка (5), Чырвоны Якар (5).

Калгас iмя Заслонава (Свяцілавічы):

Пабеда (10) – на правым беразе ракі Вабiч, каля Барсукоў; шэсць пасёлкаў у раёне спаленага фашыстамі Стэфанова: Каменка (15), Каменка 1-я (7), Каменка 2-я (6), Дзеўе (3), Шлях Селянiна (12), Стэфанова (23); Сaрвiлаўка (6) – у полi памiж Красным i аўтамагiстраллю М-4.

Калгас iмя Чкалава (Лебядзянка):

Жарэб’я (18) – памiж Чырвонай Слабадой i Барком; Выселкi (5) – на высокiм беразе Друцi ў лесе насупраць Цяхцiна; чатыры вёскi паміж Антонавай Будай i Гарцавым, у лесе: Межанец (16), Антонаўка (17), Арлоўшчына (4), Вiнцукоўшчына (3).

Калгас iмя Энгельса (Ланькаў):

Пабеда (15), Глiнкi (4) – па абодва бакi дарогi з Ланькава на Хвойну; Асiнаўка (4) – 2 км на поўнач ад вёскі Рагач, у полi.

Калгас iмя Iльiча (Іскра):

Зялёная Рошча (13), Малiнаўка (14) – у полi памiж Вылавам i Сiваямi; Селiшча (10), Вусьцiнаўка (4) – у полi памiж Iлькавiчамi i Чыгiрамi. Дарэчы, цяперашнi аграгарадок Iскра менаваўся Борам, а Чырвоны Бор – Новым Жыццём.

Калгас iмя Кiрава (Алешкавічы):

Панiзоў (19), Ляда (5) – за Сцёхавым па дарозе на Шапялевiчы, у полi; Чырвоная Лiпа (17) – на высокай гары праз дарогу насупраць Алешкавiцкага саду. Дарэчы, тая сучасная частка Мокравiчаў, што зараз па левую руку ад дарогi на Эсьмоны, складалася з чатырох пасёлкаў: Шляхавы (25), Лагавацкi (10), Рагачоўскi (19) i Дунаеўскi (15).

Саўгас “Калiноўскi” (Вялікая Машчаніца):

Ключыкi (18) – у лесе, у 1980-я гады тут планавалася будаўніцтва свiнакомплексу.    

Саўгас “Эсьмоны” (Эсьмоны):

Дзевашыцкi (10) – 1 км на поўнач ад Дзевашыч, у лесе.

Саўгас “Iскра” (Стараселле):

Лапцiнскi Бор (8), Барок (5) – памiж Мiхасёўкай i Бiскупкай; Параходнiца (5) – 1 км ад Парахоўкi, у лесе; Падбор’е (6) – каля ляснога возера Чорнае.

Саўгас “Друць” (Цяхцін):

Несцераўка (8) – у лесе, праз дарогу на Цяхцiн, насупраць Монеўкi; Мышчанка (10) – зараз частка вёскі Калiноўка, каля могiлак; Крынкi (15) – на беразе Друцi; Крушынаўка (9) – была ў складзе Пустасёлаў; Чырвоны Бор (37) – у лесе каля лесагадавальніка лясгаса; Барсукi (9) – на паваротцы з шашы Р-120 на Вугольшчыну; Вясёлы (8) – паўднёвая частка сучаснай вёскi Дуцькi; Подзель (5), Прудзiшча (9) – зараз частка Пiльшычаў (праз дарогу ад магазiна).

Цікава, што сучасныя Баханi складалiся з чатырох пасёлкаў: Старая Бахань (16), Новая Бахань (14), Пясковiчы (14) i Малiнаўка (11).

Саўгас “Падзевiчы” (Заполле):

Глыбокi Роў (6), Калюгi (6), Заброддзе (7), Сiнякоў (15) – усе знаходзіліся ў раёне вёсак Ананьеўка i Скавародка; Заграшэўе (23) – 3 км на захад ад Барсукоў; Папоўка (11), Ляхаўка (10) – памiж Глыбокiм Бродам i Iгліцай; Лавы (8) – памiж Дручанамi i Рубяжом; Баршчоў (9) – 1 км на ўсход ад Ксавярова; Атруб (3), Хатульшчына (7), Белы Лог (16) – на тэрыторыі ранейшага ваеннага палiгона; Войцэхава (13) – 2 км на захад ад Мяжонкi. Насамрэч, сучасная Мяжонка складалася з пяцi пасёлкаў, параскiданых па ўсім аднайменным урочышчы, у 52 двары агульнай колькасці.

Шкада, што амаль усе вёскi, якiя знiклi за гэты час, ужо амаль нiхто не ўзгадвае. Было б вельмi добра, каб на месцы кожнага памерлага паселішча застаўся якi-небудзь, хоць самы просты, інфармацыйна-памятны знак: камень цi шыльда з адпаведным надпісам. Недарэмна ж на гэтай зямельцы жылi, працавалi, сумавалi i радавалiся нашы землякі, продкi.

Алег ЦВЫР,

бялынічанін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *