Магчымасць абысціся на месцы здарэння так званым еўрапратаколам без звароту ў ДАІ з’явілася ў беларускіх аўтааматараў амаль восем гадоў таму

Нават невялікае ДТЗ здольна даставіць масу непрыемнасцей уладальнікам транспартных сродкаў. Гэта патрачаны час, грошы, нервы і сілы. Магчымасць абысціся на месцы здарэння так званым еўрапратаколам без звароту ў ДАІ з’явілася ў беларускіх аўтааматараў амаль восем гадоў таму. Па сутнасці, гэта спрошчаны парадак афармлення ДТЗ, які магчымы пры пэўных умовах.

Схему афармлення дарожна-транспартнага здарэння па спрошчаным варыянце без выкліку супрацоўнікаў ДАІ выкарыстоўваюць, калі ў ім няма пацярпелых або загінулых, прынялі ўдзел не больш за 2 аўтамабілі і ўрон быў нанесены толькі ім, абодва вадзіцелі маюць права на кіраванне транспартнымі сродкамі адпаведнай катэгорыі і страхавыя полісы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці. Важнай умовай таксама з’яўляецца адсутнасць рознагалоссяў паміж вадзіцелямі адносна абставін і прычын ДТЗ, прычыненых аўтамабілям пашкоджанняў, а таксама прэтэнзій да фізічнага стану адзін аднаго. Шкода, зробленая кожнаму транспартнаму сродку, не павінна перавышаць 400 еўра па курсе Нацыянальнага банка.

Але найважнейшай акалічнасцю з’яўляецца тое, што павінны выконвацца адразу ўсе гэтыя ўмовы без выключэння. У адваротным выпадку трэба выклікаць супрацоўнікаў ДАІ.

Удзельнікі здарэння самастойна запаўняюць адзін бланк паведамлення аб ДТЗ, у якім пазначаюць свае персанальныя дадзеныя, абставіны і прычыны аварыі, яе віноўніка, а таксама нанесеныя аўтамабілям пашкоджанні. Складаюць схему ДТЗ і засведчваюць еўрапратакол сваімі подпісамі.

На працягу 5 рабочых дзён пацярпелы павінен звярнуцца ў страхавую кампанію вінаватага альбо тую, дзе быў аформлены яго дагавор страхавання, прадаставіць пашкоджаны аўтамабіль для агляду і перадаць арыгінал паведамлення аб ДТЗ разам з заявай аб выплаце страхавой кампенсацыі.

Усё проста і хутка. А галоўнае, калі ўдзельнікі ДТЗ аформяць еўрапратакол, яны не будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з боку ДАІ.

Тым не менш, замест складання еўрапратакола многія вадзіцелі нават пасля нязначных ДТЗ лічаць за лепшае выклікаць супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі.

– Бывае, што наш інспектар прыязджае на выклік, а на пашкоджанай машыне, напрыклад, толькі невялікая драпіна ці ўвагнутасць, злёгку пацёрта фарба, – гаворыць начальнік АДАІ РАУС Максім КУНДАЛЕЎ. – Гэтым самым удзельнікі невялікага дарожна-транспартнага здарэння адцягваюць супрацоўнікаў ДАІ ад больш важных участкаў работы, дзе іх прысутнасць сапраўды неабходна. Але нават у такім выпадку па жаданні вадзіцеляў інспектар можа выдаць ім бланк еўрапратакола для запаўнення.

Такім чынам, еўрапратакол дазваляе аформіць невялікае ДТЗ без выкліку супрацоўнікаў ДАІ, а пасля атрымаць страхавую выплату.

Як адзначыў вядучы ацэншчык транспартных сродкаў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Бялыніцкім раёне Уладзімір БОНІЧ, па стане на 18 мая да іх за выплатамі страхавой кампенсацыi за шкоду, прычыненую аўтамабілю ў выніку ДТЗ, звярнуліся 29 чалавек. З іх 12 – з еўрапратаколамі. Атрымаць яго бланк, дарэчы, можна ў страхавога агента падчас заключэння дагавора аб страхаванні свайго транспартнага сродку.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *