Дэгустацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства прайшла ў магазіне “Родны кут”

Традыцыйная дэгустацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства прайшла ў магазіне “Родны кут”, што па вуліцы Савецкая райцэнтра.

Безимени-1

Пакупнікам, якія падыходзілі да дэгустацыйнага стала, вядучы інжынер-тэхнолаг Наталля КВАСАВА і інжынер-тэхнолаг Надзея КАРАЛЁВА прапанавалі пакаштаваць шмат відаў хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі, якія вырабляюцца ў цэху па вытворчасці хлеба. У тым ліку і навінкі.

Так, у бялынічан у той дзень была магчымасць паспрабаваць хлеб  “Дняпроўскі”, бохан “Хатні”, здобныя булачныя вырабы: пышку “Макаўка”, здобу “Рулецікі з карыцай”, булачкі “Цукровая”, “Духмяная”, “Разыначка”; прысмакі мучныя: “Навінка”, “Разыначка”, “Амерыкана” і “Лясныя”. З навінак – кекс шакаладны ў папяровай форме і пернік “Прыдруцкі” з узорам.

– Пернік з узорам на дэгустацыю выставілі ў першы раз, – адзначыла Наталля Квасава. – Раней мы выпякалі пернік “Гарадскі”. “Прыдруцкі” па смаку падобны да яго, але без павідла і з рознымі каляровымі ўзорамі.

Надзея ВУС, якая завітала на дэгустацыю, расказала, што часта купляе пячэнне аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства, і яно заўсёды свежае і смачнае.

руцкая

– Сапраўды так, – падключаецца да размовы Анастасія РУЦКАЯ. – Спрабую бялыніцкія прысмакі ўпершыню, але мне падабаецца. З гарбатай наогул смачна будзе. Цяпер буду ведаць, што купляць!

набоковаАнастасія НАБОКАВА, начальнік вытворчасці райста:

–  Правядзенне дэгустацый вырабаў нашага цэха стала традыцыяй. Згодна графіка, які складаецца на месяц, адзін раз на тыдзень інжынеры-тэхнолагі выязджаюць у гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства нашага і Круглянскага раёнаў, каб прапанаваць пакупнікам паспрабаваць прадукцыю ўласнай вытворчасці, выслухаць іх меркаванні, пажаданні.

Такі метад дапамагае нам сарыентавацца, над чым працаваць далей, што новага ўкараняць у вытворчасць. Ад каго, як не ад пакупнікоў і прадаўцоў магазінаў, мы даведаемся пра попыт на тавар, які вырабляем?

З дапамогай іх пажаданняў мы ўкараняем у вытворчасць новыя віды прадукцыі. Толькі ў гэтым годзе сталі вырабляць каля дзесяці новых найменняў кандытарскіх вырабаў. З мінулага года пачалі выпякаць і пячэнне.

Не спыняемся на дасягнутым і ў вытворчасці хлеба. Сёлета асвоілі выпечку па паскоранай тэхналогіі з рознымі пасыпкамі і кампазітнымі сумесямі – з кунжутам, вотруб’ем і іншымі. Па такой тэхналогіі ўжо выпякаем хлеб “Польскі” светлы і “Ульянаўскі”.

У дадзены момант вядзецца работа па атрыманні гігіенічнай рэгістрацыі на вытворчасць дыетычных і дыябетычных вырабаў: такіх, як сухары дыябетычныя “Капрыз”, хлеб бялковы “Дыябетычны” і “Вотруб’евы новы”. Таксама распрацоўваецца рэцэптура выпякання хлеба накшталт “Барадзінскага”.

У планах – вытворчасць пірожных “Мядовы тапаз”, “Мядовы бурштын” і “Мядовы рубін”. Наогул, прыслухоўваемся да меркавання кожнага пакупніка, каб папоўніць спіс новых вырабаў.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *