У кінатэатры “Зорка” адбылася цікавая імпрэза, прысвечаная пісьменніку і журналісту Мікалаю ДАВІДОВІЧУ

У кінатэатры “Зорка” адбылася цікавая імпрэза, прысвечаная пісьменніку і журналісту Мікалаю ДАВІДОВІЧУ. На яе завітаў і сам творца.

давид

Нарадзіўся ён у вёсцы Малыя Бортнікі на Бабруйшчыне і пасля заканчэння Гродзенскага фізкультурнага тэхнікума захацеў пабачыць “блізкі свет”. Выбар спыніўся на Бялынічах. Тут ён атрымаў першае працоўнае хрышчэнне – месца настаўніка фізкультуры ў СШ №1. Мінула паўстагоддзя, і Мікалай Уладзіміравіч зноў наведаў той горад, дзе прайшла яго жыццёвая вясна. Але ўжо як літаратар, журналіст і проста цікавы чалавек.

Нягледзячы на такі вялікі адрэзак часу, Мікалай Давідовіч захаваў у сабе цёплыя пачуцці да нашага горада, людзей, успомніў тых, з кім даводзілася перасякацца, калі асвойваўся на новым месцы.

— Нездарма ўсё ж такі вырашыў пачаць свой шлях у вялікае жыццё менавіта з Бялынічаў, — падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы пісьменнік. – Тут жывуць асаблівыя людзі: усмешлівыя, шчырыя… А якая чысціня і прыгажосць навокал!

Для прыхільнікаў сваёй творчасці Мікалай прэзентаваў новы, дзясяты па ліку, зборнік прозы і публіцыстыкі “Падрэзанае крыло”. Аснову  яго складаюць жыццёвыя ўспаміны, аповеды пра зламаныя лёсы людзей, павучальныя гісторыі, абразкі. Чырвонай ніткай праз усю кнігу праходзіць тэма малой радзімы аўтара – вёска Бортнікі. Але за вобразамі жыхароў, выпісанымі аўтарам кароткімі і трапнымі фразамі, хаваецца жыццё кожнага з нас, нашых сяброў і суседзяў. Ёсць у зборніку і біяграфічны аповед пра Бялынічы. Аўтар прызнаецца, што толькі тут даведаўся пра творчасць мастака В. К. Бялыніцкага-Бірулі, і гэта захапленне яго карцінамі пранёс праз усё жыццё.

Мікалай Давідовіч узнагароджаны нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”, з’яўляеца лаўрэатам прэмій Саюза прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь (1999 г.), “Залатое пяро” Беларускага саюза журналістаў (2000 г.), прэзідэнцкім стыпендыятам у галіне мастацтва і літаратуры (2002 г.).

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *