Дзяцінства з цёмнай плямай у біяграфіі

Непаўналетнім, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС праводзіць індывідуальную прафілактычную работу, заўсёды надавалася і надаецца асаблівая ўвага. Бо кожны з іх за сваё яшчэ зусім кароткае жыццё зрабіў якое-небудзь правапарушэнне.

милиц

У большасці выпадкаў гэтыя неправамерныя дзеянні зроблены па іх дзіцячай наіўнасці і несвядомасці. Каб дапамагчы ім выправіцца, пераканаць у тым, што дрэнныя ўчынкі да дабра не прыводзяць, з гэтымі падлеткамі вядзецца пастаянная работа.

Для таго, каб яны разумелі, чым можа скончыцца іх наступнае супрацьпраўнае дзеянне, для іх была арганізавана экскурсія ў турму № 4 г. Магілёва.

Адмоўных эмоцый і ўражанняў у падлеткаў засталося шмат. Хутчэй за ўсё, аніводзін з іх не хацеў бы апынуцца на месцы тых, хто ўжо спатыкнуўся і зараз аналізуе свае паводзіны там – за рашоткай. Напэўна, кожны з іх вынес для сябе пэўныя высновы, і ў наступны раз, перш чым зрабіць дрэнны ўчынак, сто раз успомніць аб наступствах.

– Ні за што не хацела б там апынуцца, – дзеліцца ўражаннямі Юлія С. – Перад намі жанчыну ў камеру вялі, яна галасіла на ўвесь калідор…

– Нам паказалі камеры, карцар, пазнаёмілі з умовамі пражывання зняволеных, – падключаецца да размовы Валерый В. – Расказалі, чым заканчваецца парушэнне дысцыпліны.

Пасля экскурсіі ў актавай зале РАУС намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Таццяна МЯКШЫНА, начальнік ІСН РАУС Анатоль ЛІТАЕЎ, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна ЦІКУНОВА і першы сакратар РК “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА правялі з падлеткамі прафілактычную гутарку.

– Кожны чалавек павінен адказваць за свае ўчынкі сам, – звярнуўся да прысутных Анатоль Літаеў. – Нягледзячы на тое, што вы пакуль непаўналетнія, гэта не вызваляе вас ад адказнасці. Калі вы здольныя зрабіць нават дробнае правапарушэнне, то будзьце здольныя і адказаць за свае дзеянні па ўсёй строгасці закона.

Таццяна Мякшына яшчэ раз нагадала, што па большасці артыкулаў крымінальная і адміністрацыйная адказнасць пачынаецца з 16 гадоў, аднак ёсць асобныя віды, дзякуючы якім трапіць за рашотку можна і ў 14. Яна заклікала падлеткаў сто разоў абдумаць, ці варта ўвязвацца ў непрыемныя сітуацыі, каб потым на ўсё жыццё пакінуць у сваёй біяграфіі цёмную пляму.

Наталля Бародзька прапанавала школьнікам падчас летніх канікул папрацаваць у будаўнічых атрадах.

– Так і час свой вольны зоймеце, – адзначыла яна. – І грошай заробіце, чым дапаможаце бацькам набыць вам канцылярскія прыналежнасці да новага навучальнага года.

– Будзем спадзявацца, што дзеці нас не проста слухалі, але і пачулі тое, што мы ўвесь час спрабуем данесці да іх, – падкрэсліла Таццяна Мякшына. – Няхай гэтыя ўчынкі, з-за якіх іх паставілі на ўлік, будуць для кожнага з іх апошнімі, і іх прозвішчы загучаць ў спісах толькі станоўчых спраў.

На наступны дзень адбылося пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Тыя, хто папоўніў шэрагі непаўналетніх, з якімі ІСН РАУС праводзіць індывідуальную прафілактычную работу, расказвалі пра свае нядобрыя выхадкі.

Члены камісіі разгледзелі паводзіны траіх непаўналетніх, якія распівалі спіртныя напоі ў грамадскім месцы. Дзіўна, што сярод іх апынулася і дзяўчынка, у крыві якой таксама быў знойдзены алкаголь.

Былі разгледжаны і некалькі спраў па бацьках, дзяцей якіх некалькі месяцаў таму накіравалі ў прытулак. Тым, хто выправіўся, вядзе здаровы лад жыцця, камісія прыняла рашэнне вярнуць дзяцей у іх сем’і. А дзеці, бацькі якіх паўтарылі дрэнны прыклад, у хуткім часе патрапяць у прытулак.

Марына АЛЯКСАНДРАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *