Алкагольныя сурагаты нясуць у сабе вялікую небяспеку для людзей
Алкагольныя сурагаты нясуць у сабе вялікую небяспеку для людзей. Злучэнні, якія ў іх знаходзяцца, прыводзяць да цяжкіх атручванняў, а іншы раз ужыванне фальсіфікаванага алкаголю заканчваецца смерцю.
Што ўяўляюць сабой алкагольныя сурагаты?
Гэта спіртаўтрымліваючыя вадкасці, якія прымяняюцца для бытавых і тэхнічных патрэб. Таксама сюды можна аднесці алкагольныя напоі, вырабленыя з неналежнай сыравіны і з парушэннем тэхналогіі. У іх побач з этылавым спіртам знаходзяцца іншыя шкодныя рэчывы.
Усе сурагаты падзяляюцца на дзве групы.
У першую ўваходзяць вадкасці з утрыманнем этанолу. Да іх адносяцца лекі (настойкі сардэчніку, глогу) ласьёны, адэкалоны, тэхнічны спірт, растваральнікі, сродкі для мыцця вокнаў, паліролі, тармазныя вадкасці і інш. Яны ўтрымліваюць гідролізны і сульфатны спірты, метанол, этыленгліколь, альдэгіды, эфірныя алеі, ацэтон, фарбавальнікі і іншыя атрутныя злучэнні. Другую групу складаюць рэчывы, якія не ўтрымліваюць этылавы спірт, але выклікаюць стан ап’янення. Іх называюць несапраўднымі сурагатамі. Гэта метылавы, прапілавы, бутылавы і мурашыны спірты, этыленгліколь, дыхлорэтан і вадкасці рознага прызначэння, у якіх вышэйпералічаныя хімічныя рэчывы знаходзяцца ў вялікай канцэнтрацыі. Яны вельмі атрутныя і выклікаюць небяспечныя паражэнні ўнутраных органаў, у большасці выпадкаў не сумяшчальныя з жыццём.
Першыя прыкметы атручвання алкагольнымі сурагатамі: ванітаванне, дрэннае самаадчуванне, моцны галаўны боль, галавакружэнне, спазмы страўніка.
НІКОЛІ не ўжывайце алкагольныя сурагаты!
Каб пазбегнуць выпадковага атручвання, захоўвайце сродкі бытавой хіміі асобна ад прадуктаў харчавання ў фірменнай тары, а спіртное купляйце толькі ў правераных гандлёвых кропках.
Аляксандр КРОЛ,
старшы інспектар па дазваляльнай рабоце ААПП РАУС.