Правядзенне Дня падпісчыка ў населеных пунктах раёна для журналістаў райгазеты “Зара над Друццю” стала ўжо добрай традыцыяй

Правядзенне Дня падпісчыка ў населеных пунктах раёна для журналістаў райгазеты “Зара над Друццю” стала ўжо добрай традыцыяй. Днямі яны завіталі ў паштовае аддзяленне аграгарадка Ланькаў, каб асабіста пагутарыць з падпісчыкамі.

газета

Падчас размовы з журналістам жыхары аграгарадка расказалі, што ім падабаецца ў “Зары над Друццю”, пералічылі тэмы, якія больш за ўсё цікавяць. Як аказалася, большасць з іх з нецярпеннем чакаюць сераду і суботу, каб, нарэшце, даведацца пра апошнія навіны раёна, паглядзець, чым жа на гэты раз парадуюць аўтары артыкулаў любімай газеты.

У кожнага з іх ёсць тэмы, на якія яны звяртаюць увагу ў першую чаргу. Напрыклад, пенсіянерку Галіну КАПШУКОВУ інтарасуюць публікацыі пра сельскую гаспадарку, таму што сама яна ўсё жыццё працавала ў гэтай сферы.

– Паколькі ведаю практычна ўсіх герояў гэтых артыкулаў, мне ўвогуле цікава чытаць. Раёнку выпісваю ўжо больш за сорак гадоў, і кожны год родная газета радуе чымсьці новым. У хуткім часе пачнецца ўборка новага ўраджаю, хочацца ведаць, хто сёлета будзе ў ліку “тысячнікаў”, колькі хлеба вырасцяць нашы гаспадаркі, – адзначыла яна.

Падзяляе меркаванне аднавяскоўкі і Ларыса АТРОШКІНА, лёс якой таксама звязаны з раёнкай.

– Заўсёды аддаю перавагу раённай газеце, – адзначыла падпісчыца. – Дзе ж яшчэ мы пачытаем столькі інфармацыі пра нашу Бялыніччыну, яе гісторыю, пра людзей. Асабіста мне падабаюцца артыкулы пра медыцыну. Яны заўсёды падаюцца ў той час, калі актуальныя.

Дарэчы, па словах начальніка аддзялення пошты Надзеі ЗАЙЦАВАЙ, усе, хто прысутнічаў на Дні падпісчыка, ужо выпісалі “Зару над Друццю”. Хто на месяц, а хто – на квартал.

– З падпіскай на раённую газету ніколі не было праблем, – паведаміла Надзея Міхайлаўна. – Большасць нашых людзей падпісваюцца самі, ну а тым, хто яшчэ не адкрыў для сябе раёнку, прапануем выпісаць хоць бы на месяц. І, як правіла, пасля гэтага яны прыходзяць да нас, каб зноў падпісацца. Сама выпісваю шмат газет, але першай у маіх руках заўсёды аказваецца менавіта “Зара над  Друццю”.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *