Пра кляшчоў і алергію

Сёлета на канец мая – пачатак чэрвеня прыйшоўся не толькі сезон актыўнасці кляшчоў і насякомых, якія сілкуюцца крывёй чалавека. Раней звычайнага зацвілі таполі, што стала значнай праблемай для тых, хто пакутуе ад алергіі. Аб тым, як абараніць сябе ад прыродных напасцей, у прэс-цэнтры райгазеты распавялі інструктар-дэзынфектар райЦГЭ Ірына БУРАЯ і ўрач-інфекцыяніст ЦРБ Анастасія КАЧАНАВА.

пресс

– Ірына Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, якую небяспеку нясуць кляшчы і як ад іх абараніць сябе, маленькіх дзетак і хатнюю жывёлу.

– Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі такіх інфекцый, як клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз. На шчасце, за 2016 – 2018 гады выпадкаў заражэння энцэфалітам не было выяўлена. Але Лайм-барэліёз быў зарэгістраваны ў двух чалавек у 2016 і ў аднаго ў 2017 гадах. Гэта сведчыць аб тым, што небяспека ўсё ж існуе. За бягучы год па дапамогу з укусамі кляшчоў ужо звярнуліся 9 чалавек. Каб абараніцца ад гэтых павукападобных, трэба апранацца ў светлую вопратку, калі вы збіраецеся на прыроду. Прычым, кашулю неабходна заправіць у штаны, а штаны – у абутак, бо, як правіла, кляшчы паўзуць знізу ўверх. Рукавы павінны шчыльна прылягаць да рук. Адкрытыя ўчасткі цела трэба апрацаваць рэпелентнымі сродкамі. Гэтыя правілы датычацца і дарослых, і дзяцей. Калі вы знаходзіцеся на прыродзе, аглядаць адзін аднаго трэба кожныя дзве гадзіны, каб паспець зняць з адзення кляшчоў – яны могуць шукаць месца для ўкусу некалькі гадзін.

Хатнюю жывёлу, якую выводзяць гуляць на вуліцу, трэба таксама апрацоўваць рэпелентамі, а па прыходзе дамоў аглядаць яе поўсць. Ратуе і пакос травы на прыватным участку, бо гэта асяроддзе, у якім кляшчы існуюць.

Рэпеленты дапамогуць таксама і ад камароў, і мошак.

– Што трэба рабіць, калі ўсё ж такі клешч укусіў?

– Пазбавіцца ад яго можна самастойна або звярнуцца ў любую ўстанову аховы здароўя. Кляшча трэба выцягнуць з дапамогай пінцэта або нітак ці выкарыстаць клешчавёрт. Нельга рабіць рэзкіх рухаў. Таксама забараняецца выкарыстоўваць алей або тлусты крэм, бо яны забіваюць дыхальца кляшча, і ён рэфлекторна выпускае ў кроў сліну і ўзбуджальнікаў хвароб. Месца ўкусу неабходна змазаць ёдам.

У мінулым годзе ў амбулаторна-клінічныя ўстановы з укусамі кляшчоў звярнуліся 83 жыхары раёна. Даследаванне кляшчоў на Лайм-барэліёз праводзіцца ў УАЗ “Магілёўскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” на платнай аснове. З 83 выпадкаў былі даследаваны толькі 11. Але пры ўкусе кляшча і дарослым, і дзецям трэба прымаць у якасці прафілактыкі антыбіётыкі, бо даследаванне працягваецца тры дні, за якія інфекцыя, калі яна была ў кляшча, можа распаўсюдзіцца па арганізме чалавека.

– Дарэчы, – адзначае Анастасія Качанава, – паспець звярнуцца да ўрача па дапамогу трэба ў першыя 72 гадзіны з моманту ўкусу кляшча. Калі вы не паспелі, праз 4 тыдні трэба здаць кроў з вены, каб праверыцца на наяўнасць у арганізме інфекцыі. Клешчавы энцэфаліт – даволі цяжкае захворванне, якое выклікае высокую тэмпературу цела. А Лайм-барэліёз можа стаць прычынай праблем з суставамі ў пажылых людзей. Калі пры даследаванні кляшча знойдзены гэтыя інфекцыі, яны не абавязкова маглі перадацца чалавеку.

– Анастасія Віктараўна, скажыце, калі ласка, што рабіць людзям, якія пакутуюць ад алергіі на пух таполі?

– Моцным алергенам з’яўляецца не толькі пух, але і пыльца раслін. Пух таполі не любіць вільготнасці. Таму, калі вы збіраецеся на вуліцу і ў вас сезонная алергія, дапаможа вільготная медыцынская павязка. Каб менш пуху трапляла ў кватэру праз адчыненыя вокны, на іх таксама можна павесіць вільготныя марлевыя шырмы. А пазбавіцца ад пуху, які ўжо наляцеў у пакоі, дапаможа вільготная ўборка: выкарыстайце пульверызатар, потым мокрую анучу. Таксама пульверызатар дапаможа, калі пух трапіў у ваш аўтамабіль.

Асноўныя сімптомы алергіі – пачырваненне вачэй, ацёк слізістай абалонкі носа. Блакіруюцца яны антыгістаміннымі сродкамі, якія звычайна знаходзяцца ў алергікаў пад рукой у самы сезон праяўлення алергічнай рэакцыі. Трэба памятаць, што кожны такі прэпарат мае кірунак дзейнасці: напрыклад, “фенкарол” добра дапамагае справіцца з алергічным пяршэннем у горле.

Гутарыла Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *