З 28 мая па 3 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі склалі 22 адміністрацыйныя пратаколы

Паводле інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 28 мая па 3 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі склалі 22 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага    ап’янення – 13, дробнае хуліганства – 3, сямейны скандал – 5, дробны крадзёж – 1.

Пілі. На рабочым месцы. У самы разгар працоўнага дня 28 мая ў РАУС звярнулася загадчыца адной з МТФ райаграпрамтэхзабеспячэння, якая паінфармавала аб тым, што двое жывёлаводаў лыка не вяжуць. У адносінах да апошніх міліцыянеры склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Пасвіліся на шашы. Каля 11 гадзін вечара 28 мая жыхар Магілёва патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што ў цяперашні момант на праезнай частцы дарогі паблізу агр. Галоўчын знаходзіцца статак кароў. Міліцыянеры абудзілі пастухову пільнасць адміністрацыйным пратаколам.

Злы язык. Бялынічанін паведаміў праваахоўнікам аб тым, што жыхар вёскі Рудня пастаянна зневажае яго. На языкастага вяскоўцу  складзены адміністрацыйны пратакол.

Замучыла сумленне? 1 чэрвеня бялынічанін звярнуўся ў дзяжурную службу РАУС з яўкай з павіннай аб тым, што ў студзені-лютым 2016 года, знаходзячыся на вуліцы Чапаева райцэнтра, ён з прычыны непрыязных адносін пашкодзіў аўтамабіль “Опель”, што належыў М.

Азвярэлі сабакі. 2 чэрвеня раніцай і бліжэй да абеду ў міліцыю звярнуліся жыхар агр. Вішоў і жыхарка вёскі Пральня. У абодвух адна і тая ж бяда: сабакі загрызлі ў першага заяўніка курыцу і 10 куранятак, у другой – 6 курэй і пеўня. Праводзіцца праверка.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.   

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *