Правялі добраўпарадкаванне крыніц

У Год малой радзімы калектывы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна, сельвыканкамы, прыватныя прадпрымальнікі і жыхары населеных пунктаў правялі добраўпарадкаванне крыніц.

ушл1

Крыніца ў в. Вушлава.

Гаючыя якасці крынічнай вады людзі заўважылі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. У народзе лічылася, што яна дапамагае ад хвароб вачэй, страўніка і болю галавы. Таму нездарма нашы продкі многія крыніцы называлі святымі. Да іх прыходзілі маліцца, прыносілі рознага кшталту ахвяраванні і нават  праводзілі абрады – напрыклад, выклікання дажджу. Пасля прыняцця хрысціянства каля крыніц пачалі ўзводзіць капліцы і ставіць крыжы, якія ўпрыгожвалі кветкамі, павязвалі ручнікамі, рознакаляровымі стужкамі.

Нядзіўна, што і ў наш час у людзей захоўваецца асаблівае стаўленне да гэтых месц сакральнай сілы. Любяць беларусы не толькі пакаштаваць і набраць у запас чыстую сцюдзёную вадзічку, але і адпачыць каля крыніцы ў цені дрэў і ўвабраць іх станоўчую энергетыку.

– На тэрыторыі раёна дзесяць крыніц замацаваны за рознымі прадпрыемствамі і сельвыканкамамі, – расказвае начальнік райінспекцыі ПРіАНА Юрый СІМАНАЎ. – Штогод праводзіцца іх чыстка, рамонт “домікаў” над імі, лавак і альтанак, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Спецыялісты райЦГЭ бяруць ваду на пробу, каб ацаніць яе якасць і адпаведнасць санітарным нормам. Наша служба адсочвае, каб паблізу крыніц і звязаных з імі месц адпачынку не ствараліся несанкцыянаваныя звалкі.

Вялікая праца па добраўпарадкаванні крыніц была праведзена напачатку гэтага лета. Работнікі Эсьмонскага лясніцтва зрабілі на Майскай крыніцы новую альтанку, пафарбавалі “домік”, агароджу і архітэктурныя формы.

Супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў добраўпарадкавалі крыніцу ў вёсцы Вушлава: адрамантавалі “домік”, зрабілі лесвіцу і дашчаты насціл, каб наведвальнікам было зручна да яе спускацца. Будаўнічыя матэрыялы для гэтай годнай справы прадаставіў індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл ЗАХАРАНКА.

У лясочку непадалёку ад аўтазапраўкі каля Карытніцы знаходзіцца крыніца, парадак на якой навялі калектывы Кастрычніцкага лясніцтва і ДЭУ-74. Яны адрамантавалі і пафарбавалі альтанку і агароджу, пачысцілі крыніцу і яе вадацёк, умацавалі шчэбнем грунт вакол калодзежнага кальца.

За парадкам на Сіпайлаўскай крыніцы прыглядаюць мясцовыя жыхары пры садзейнічанні Вішоўскага сельвыканкама, а на Нежкаўскай – работнікі ТДА “Дунгіс” (кіраўнік Іван КАМАРОЎ). Добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўзвядзенне альтанкі на месцы адпачынку каля крыніцы ў вёсцы Прыбар – справа рук работнікаў ПМК-241. За парадак на крыніцы ў вёсцы Старое Сяло адказвае Галоўчынскі сельвыканкам. Крыніцу ў вёсцы Лебядзянка абнавілі работнікі ДРБУ-170, а каля Макаўкі – Кіраўскага лясніцтва (зрабілі новы зруб над калодзежным кальцом, умацавалі шчэбнем грунт вакол яго).

P.S. У адным з бліжэйшых нумароў “Зары над Друццю” будуць апублікаваны вынікі аналізу вады з крыніц, якія правялі спецыялісты рай-ЦГЭ.

кар3

Крыніца каля в. Карытніца.

лебяд1

Крыніца ў Лебядзянцы.

майск

Крыніца каля в. Карытніца.

мак

Крыніца каля Макаўкі.

неж

Крыніца ў в. Нежкаў.

прыбар2

Крыніца ў в. Прыбар.

село

Крыніца ў в. Старое Сяло.

сип1

Крыніца ў Сіпайлах.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара і з архіва райінспекцыі ПРіАНА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *