Конкурсна-гульнявую праграму “Вясёлыя канікулы” правялі супрацоўнікі раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі
Конкурсна-гульнявую праграму “Вясёлыя канікулы” правялі супрацоўнікі раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі для выхаванцаў школьных лагераў падчас экскурсіі.
– Вучні ўстаноў адукацыі нашага горада часта прыходзяць у музей на экскурсію, – расказвае яго дырэктар Іна ІГНАТОВІЧ. – Пачаліся летнія канікулы і мы вырашылі зрабіць так, каб чарговае наведванне музея запомнілася дзецям. Таму прапанавалі ім конкурсную праграму.
Навучэнцы 2-4 класаў падзяліліся на дзве каманды і спаборнічалі паміж сабой у лоўкасці і кемлівасці. Старшы навуковы супрацоўнік музея Святлана АРЛОЎСКАЯ прапанавала дзецям сабраць з пазлаў карціны мастакоў-землякоў. Рабяты павінны былі як мага хутчэй зрабіць гэта і назваць імя мастака. З заданнем справіліся абедзве каманды. Удзельнікі першай сабралі “Самавар і яблыкі”, другой – “Нацюрморт з пралескамі” Ларысы ЖУРАВОВІЧ.
Далей яны разам малявалі сімвал года – сабаку, разгадвалі крыжаванкі “Дзікія жывёлы”, пагулялі ў “Слоўнік ветлівых слоў”, паўдзельнічалі ў іншых конкурсах.
У выніку перамагла дружба. За актыўны ўдзел работнікі музея падарылі вучням мяч, каб тыя не сумавалі падчас канікул, а праводзілі летнія дні весела і з карысцю.
Дарэчы, падчас экскурсіі дзеці паглядзелі новую выставу карцін вучняў дзіцячай школы мастацтваў. Шмат хто знайшоў сярод аўтараў імёны сваіх сяброў і аднакласнікаў.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.