Клапоцяцца пра здароўе бялынічан

манькоПрафесія ўрача з’яўляецца адной з самых запатрабаваных. Кожны з нас хоць бы раз у жыцці звяртаўся да доктара па дапамогу. Сучасная сістэма ахова здароўя, накіраваная на лячэнне хвароб і падтрыманне здароўя чалавека, патрабуе пастаяннага развіцця і ўдасканалення. Пра работу ў гэтым накірунку і дасягненні калектыву ЦРБ напярэдадні прафесійнага свята расказаў галоўны ўрач установы Павел МАНЬКО.

– Павел Аляксандравіч, што ўяўляе сабой медыцынская галіна нашага    раёна?

– Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвае УАЗ “Бялыніцкая ЦРБ”, структура якой прадстаўлена кругласутачным стацыянарам на 138 ложкаў, паліклінікай на 250 наведванняў за змену, 5-цю амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі (АУАП) на 25 наведванняў за змену           і 10-цю фельчарска-акушэрскімі пунктамі (ФАП). Арганізавана работа аддзялення дзённага знаходжання ў паліклініцы на 11 ложкаў, а таксама ложкаў дзённага знаходжання ў АУАП        і стацыянары.

Медыцынскую дапамогу на доме аказваюць урачы, сястрынскі персанал паліклінічнага аддзялення ўстановы, АУАПаў і ФАПаў, так і аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. Таксама дзейнічае стацыянар на доме па прызначэнні ўчастковага ўрача-тэрапеўта.

ЦРБ з’яўляецца міжраённым цэнтрам па аказанні медыцынскай дапамогі жыхарам Круглянскага раёна па кардыялогіі, лапараскапіі (хірургічнай і гінекалагічнай), акушэрска-гінекалагічнай службе, лабараторнай дыягностыцы.

– Хто клапоціцца пра здароўе бялынічан?

– Ва ўстанове склаўся калектыў, які вызначаецца высокім прафесійным узроўнем, творчым запалам, адказнасцю і любоўю да сваёй справы. Укамплектаванасць урачамі складае 84 %, сярэднім медыцынскім персаналам – 96 %. Для запаўнення вакансій “вузкіх” спецыялістаў праводзіцца падрыхтоўка і перанавучанне ўрачоў па сумежных спецыяльнасцях.

Дзякуючы плённай працы ўсяго калектыву па выніках мінулага года ЦРБ заняла першае месца ў рэспубліканскім  аглядзе-конкурсе сярод цэнтральных раённых бальніц у Магілёўскай вобласці. Дзейнасць установы разглядалася ўсебакова – мы выканалі 29 паказчыкаў па забеспячэнні медыцынскай дапамогай жыхароў раёна.

Напярэдадні свята лепшыя работнікі медыцынскай сферы адзначаны заслужанымі ўзнагародамі на святочным мерапрыемстве, якое адбылося ў РЦК. (Падрабязней пра гэта чытайце ў наступным нумары, – А.С.). У ліку ўзнагароджаных – намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена ХРАПКО, якая заахвочана  Ганаровай граматай райвыканкама. У Магілёве таксама прайшоў урачысты сход медыцынскай грамадскасці вобласці, на якім Ганаровай граматай  аблвыканкама ўзнагароджана ўчастковы ўрач-педыятр Наталля АЎСЯНІК, а Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў – загадчык Нежкаўскай АУАП Марыя ЗАЙЦАВА.

– Павел Аляксандравіч, якасць медыцыны залежыць яшчэ і ад тэхнічнага аснашчэння медустаноў. Чым можаце пахваліцца?

– Бялыніцкая ЦРБ аснашчана ўсім неабходным медыцынскім абсталяваннем для лячэння, дыягностыкі і прафілактыкі захворванняў у адпаведнасці з раённым узроўнем аказання медыцынскай дапамогі. У ЦРБ праводзяцца лапараскапічныя аперацыі на органах брушной поласці і малога таза, трапанабіяпсія прастаты, ультрагукавыя даследаванні органаў брушной поласці, малога таза, шчытападобнай і малочнай залоз, доплераметрыя сасудаў пупавіны плода, эхаэнцафалаграфія, ЭКГ, спіра- і аўдыёметрыя, розныя віды рэнтгеналагічных і шырокі спектр лабараторных даследаванняў, укаранёна эндаскапічнае кліпіраванне сасудаў страўнікава-кішачнага тракта пры кравацёках  і г. д.

Нашы ўрачы асвоілі новыя методыкі абследавання і лячэння пацыентаў з хваробамі сістэмы кровазвароту: велаэргаметрыя, сістэму манітарыравання артэрыяльнага ціску, эхакардыяскапію, скрынінгавыя праграмы; ажыццяўляюць дыстанцыйную перадачу ЭКГ пацыентаў праз інтэрнэт ва УАЗ “Магілёўская абласная бальніца”.

Усё гэта прыносіць свой плён: летась у раёне не зарэгістравана выпадкаў смяротнасці ад інфаркту міякарду, пасляаперацыйнай лятальнасці ад вострай хірургічнай паталогіі, ахоп рэабілітацыяй пацыентаў працаздольнага ўзросту пасля інфаркту міякарду, вострага парушэння мазгавога кровазвароту склаў 96,0 %, працэнт прааперыраваных малаінвазіўным метадам – 13,2.

Для ўмацавання тэхнічнай базы і аказання больш якасных медыцынскіх паслуг у мінулым годзе за сродкі пазабюджэтнай дзейнасці набыты стаматалагічная ўстаноўка, мацярынскі фетальны манітор, а за сродкі раённага бюджэту – дэфібрылятары і аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі.

– Што робіцца для замацавання ў нашым раёне маладых спецыялістаў?

– Адміністрацыя ЦРБ надае пільную ўвагу замацаванню моладзі ў раёне. Усе маладыя спецыялісты забяспечаны жыллём. У 2017 годзе для гэтых мэтаў былі выдзелены 5 кватэр арэнднага жылля, астатнім кампенсуецца аплата за наём у памеры да 4-х базавых велічынь. За кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнікі з ліку вопытных калег. Гэта дазваляе моладзі больш хутка і якасна асвоіцца ў прафесіі.

Ад усёй душы віншую медыцынскіх работнікаў і ветэранаў працы галіны з прафесійным святам. Дарагія калегі, хай ваша дзейнасць прыносіць толькі радасць вам і вашым пацыентам. Выказваю шчырыя словы падзякі ўсяму калектыву ўстановы за нястомную працу і цярпенне, жадаю здароўя, дабра і невычэрпных сіл.

Гутарыў

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *