І практык, і тэарэтык

На Бялыніччыне нарадзілася шмат выдатных навукоўцаў у самых розных сферах дзейнасці. Не выключэннем сталася і медыцына. Дастаткова згадаць акадэміка Захара МАГІЛЕЎЧЫКА, дактароў навук Лявонція ГАЛЫНЦА, Валерыя КАЗАКОВА, Аляксея МАЦЕШУ… 

тачыл 1

Шэрагі медыкаў-навукоўцаў папоўніў бялынічанін Сяргей ТАЧЫЛА. Нарадзіўшыся ў сям’і ўрачоў, мабыць, самім лёсам яму было наканавана прадоўжыць сямейную справу. Пасля сканчэння медуніверсітэта Сяргей размеркаваўся на працу ў ЦРБ, што на яго малой радзіме, адкуль неўзабаве быў пераведзены ў рэанімацыйнае аддзяленне Магілёўскай абласной бальніцы, дзе робіць урачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам і зараз.

Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Выбар і забеспячэнне бяспечнай анестэзіі пры аперацыях у пацыентаў у абдамінальнай хірургіі”, распрацаваў і выдаў шэраг метадычных рэкамендацый да практычных і лабараторных работ для студэнтаў медуніверсітэтаў, як перспектыўны навуковец прымаў удзел у працы ІІ З’езда вучоных Беларусі, што прайшоў напачатку снежня мінулага года.

Летась Расійская федэральная служба па інтэлектуальнай уласнасці выдала патэнт анестэзіёлагам-рэаніматолагам абласной бальніцы Сяргею Тачылу (кіраўнік праекта), доктару медыцынскіх навук, прафесару Аляксею МАРАЧКОВУ за распрацаваны імі ў супрацоўніцтве з загадчыкам кафедры фізічных метадаў кантролю БРУ,  кандыдатам тэхнічных навук Сяргеем СЯРГЕЕВЫМ спосаб ранняй дыягностыкі поліарганнай недастатковасці ў пацыентаў пасля абдамінальных хірургічных умяшальніцтваў.

Прапанаваны імі метад дазваляе ўжо ў першыя суткі пасля аперацый на органах брушной поласці прагназаваць пагрозу развіцця ў некаторых пацыентаў поліарганнай недастатковасці і, адпаведна, на ранняй стадыі, якая з’яўляецца для хворага найбольш спрыяльным перыядам, прыняць меры для папярэджання і лячэння такіх ускладненняў.

– Справа ў тым, – тлумачыць Сяргей Анатольевіч, – што ў некаторых пацыентаў нават выдатна выкананая аперацыя цягне за сабой развіццё парушэнняў функцыявання розных жыццёва важных органаў. У такім выпадку праца іх магчыма толькі пры штучнай падтрымцы.

Пры дысфункцыі органаў дыхання чалавека падключаюць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, а падчас дысфункцыі ныркавай сістэмы – да апарата “штучная нырка”. Вывесці хворага з такога смяротна небяспечнага стану вельмі цяжка, а здараецца і немагчыма.

Метад Сяргея Тачылы, Аляксея Марачкова і Сяргея Cяргеева, заснаваны на лабараторнай дыягностыцы па вызначаных маркерах крыві, дазваляе дыягнаставаць пагрозу развіцця поліарганнай дысфункцыі, калі ўсе органы функцыянуюць яшчэ быццам бы нармальна.

Гэта распрацоўка Магілёўскіх вучоных нядаўна была надрукавана ў спецыялізаваным медыцынскім часопісе Паўднёвай Карэі.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *