На адпачынак без нечаканасцей

Пачаўся сезон летніх адпачынкаў. Для таго, каб адпачыць за мяжой максімальна камфортна і паездка прынесла толькі станоўчыя эмоцыі, будучым турыстам неабходна прытрымлівацца шэрагу рэкамендацый. У прэс-цэнтры “Зары над Друццю” іх агучылі супрацоўнікі групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС – старшы інспектар Вольга ШАЎЧОНАК і інспектар Галіна СТАРАВОЙТАВА.

Безимени-1

– Для перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі патрэбны пашпарт. Раскажыце, калі ласка, якія патрабаванні прад’яўляюцца да гэтага важнага дакумента.

Вольга Шаўчонак:

– Тым грамадзянам, хто вырашыў аформіць шэнгенскую візу, неабходна памятаць: пашпарт павінен быць выдадзены не больш за 10 гадоў таму, а тэрмін яго дзеяння – перавышаць тэрмін візы мінімум на 3 месяцы. У пашпарце павінна быць не менш за дзве чыстыя старонкі для віз. Для паездкі ва Украіну ці Расію цяпер няма неабходнасці мець пашпарт з тэрмінам дзеяння менш за 10 гадоў. Таксама немалаважна праверыць гэты дакумент на адсутнасць пашкоджанняў, плям і старонніх запісаў. Калі ў вашым пашпарце, напрыклад, размыты пячатка або фота, лепш своечасова перад паездкай памяняць яго на новы.

Тэрмін афармлення пашпарта не перавышае аднаго месяца, аплата дзяржпошліны складае 1 б. в. Пры жаданні можна паскорыць гэты працэс і атрымаць пашпарт у тэрмін да 15 дзён за дадатковую   аплату ў памеры 1 б. в.

– Што яшчэ можна параіць людзям, якія збіраюцца на адпачынак за мяжу?

Галіна Старавойтава:

– Вазьміце з сабой іншыя дакументы, якія пацвярджаюць вашу асобу ў выпадку страты або крадзяжу пашпарта, і 2 –3 фотаздымкі, у тым ліку вашых дзяцей. Зрабіце ксеракопіі пашпартаў, віз, білетаў і г.д. Паведаміце сваякам ці сябрам аб паездцы, пакіньце ім нумары кантактных тэлефонаў, адрас гасцініцы. Захоўвайце пры сабе кантактныя дадзеныя пасольства і консульскай установы Беларусі ў краіне, у якую вы накіроўваецеся.

Таксама трэба ўважліва аднесціся да афармлення медыцынскай страхоўкі. Практыка паказвае, што “перастрахавацца” ніколі не бывае лішнім, нават калі вы плануеце спакойны пляжны адпачынак.

– Падкажыце, калі ласка, як можна праверыць, ці выязны чалавек? Хачу для сябе ўдакладніць, каб пазбегнуць праблем на мяжы. (Аляксандр С., Бялынічы)

Галіна Старавойтава:

– Вы можаце атрымаць інфармацыю аб наяўнасці звестак аб сабе ў банку дадзеных аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, звярнуўшыся ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў. Для атрымання такой даведкі грамадзянін павінен прадаставіць дакумент, які сведчыць яго асобу. Звесткі, якія змяшчаюцца ў банку дадзеных, прадастаўляюцца бясплатна па запыце не пазней аднаго працоўнага дня. Звароты грамадзян па пытаннях прадастаўлення гэтых звестак, якія паступілі па пошце, задавальненню не падлягаюць.

– Як з’ездзіць за мяжу з дзіцём?

Вольга Шаўчонак:

– Для выезду з краіны грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, павінны мець пры сабе пашпарт. У выпадку выезду непаўналетняга з абаімі законнымі прадстаўнікамі, асобам, якія яго суправаджаюць, неабходна прад’явіць супрацоўніку органа пагранічнай службы дакументы, што пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка. Гэта можа быць пашпарт, у якім прастаўлена адзнака аб дзіцяці, альбо пасведчанне аб нараджэнні яго, альбо дакументы, якія пацвярджаюць    устанаўленне апекі. У выпадку выезду непаўналетняга з адным з законных прадстаўнікоў згода другога не патрабуецца.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *