Небяспека летняга адпачынку
Гарачыя летнія дні людзі імкнуцца правесці бліжэй да вады. Свежае паветра, сонца, купанне, безумоўна, прыцягваюць, але трэба памятаць і пра тое, што рэгулярна вада забірае жыцці людзей. Асноўная прычына гэтаму – купанне ў нецвярозым выглядзе.
Напрыклад, у маі трагедыя адбылася ў Валожынскім раёне. Вадалазы дасталі з вадаёма цела патанулай напярэдадні 27-гадовай жанчыны. Разам з мужам яны адпачывалі ў кампаніі на беразе, распіваючы пры гэтым алкаголь. Пад уздзеяннем моцных напіткаў жанчына пайшла купацца і стала тануць. Сябры выцягнулі яе на бераг і папрасілі больш у ваду не лезці, але ўгаворы не дапамаглі. Маці траіх дзяцей зноў пайшла плаваць і на другі раз з вады не вярнулася.
Разумна трэба падыходзіць да адпачынку на водных аб’ектах і ўладальнікам маламернага судна. Не варта забываць на асцярожнасць. Памятайце, што выкананне ўсіх неабходных патрабаванняў пры эксплуатацыі маламернага судна дапаможа захаваць жыццё, і прыемны адпачынак не будзе азмрочаны трагічнымі наступствамі. А рыбакам важна ведаць, што ніякі ўлоў не варты чалавечага жыцця!
У канцы красавіка на рацэ Нёман у Гродзенскім раёне загінуў рыбак. Жыхар абласнога цэнтра расстаўляў на рацэ сеткі з гумавай лодкі. У нейкі момант тая перакулілася. Рыбак, знаходзячыся без выратавальнай камізэлькі, зваліўся ў ваду. Мужчына заблытаўся ва ўласных сетках і патануў.
Адной з прычын няшчасных выпадкаў на вадзе з’яўляецца няўменне плаваць. Трапляючы на глыбокае месца, чалавек пачынае панікаваць, губляе сілы і тоне. Адкрыты вадаём – гэта заўсёды рызыка. Многія адпачывальнікі любяць паспрабаваць свае сілы і ладзяць спаборніцтвы па пераадоленні адлегласці ад аднаго берага да другога. Але трэба памятаць, што разлічыць свае сілы можа далёка не кожны.
Купальшчыкі на матрацах – яшчэ адзін галаўны боль для выратавальнікаў. Асаблівую групу рызыкі складаюць вялікія надзіманыя матрацы, якія шырока прадаюцца на рынках і ў супермаркетах. Іх здзімае хутчэй за іншыя, і пры моцным ветры гора-плывец можа зусім знікнуць з поля зроку адпачывальнікаў усяго за 15-20 хвілін. Таму выкарыстоўваць надзіманыя матрацы лепш па прамым прызначэнні – для сну і адпачынку на беразе.
Летась у Камянецкім раёне патанула жанчына. Яна плавала на надзіманым матрацы і не заўважыла, як яго занесла плынню на сярэдзіну возера. Матрац перавярнуўся, і жанчына загінула.
Па дадзеных ОСВОД, у Беларусі штогод на вадаёмах гіне вялікая колькасць людзей. Толькі за 2017 год загінулі 374 чалавекі, у тым ліку 25 дзяцей.
Па стане на 27 мая бягучага года на водных аб’ектах Беларусі загінулі 88 чалавек, 8 з іх непаўналетнія.
Каб адпачынак на вадзе быў бяспечным, неабходна выконваць наступныя правілы:
– купацца ў спецыяльна адведзеных і абсталяваных для гэтага месцах;
– перад купаннем у незнаёмых месцах абследаваць дно;
– не адплываць далёка ад берага, не заплываць за папераджальныя знакі;
– не даваць ілжывыя сігналы бедства.
Памятайце: купанне ў нецвярозым выглядзе можа прывесці да трагедыі!
Кацярына ЛЮБІВАЯ,
інспектар ГПіУГ РАНС.