Падмурак будучыні

Маладым усюды дарога. Так было і будзе заўсёды. Менавіта ад іх залежыць будучыня нашай краіны. Маладыя людзі паспяхова прадстаўляюць свой горад, вобласць, краіну на розных творчых конкурсах, інтэлектуальных форумах, у алімпіядах, стараюцца не спыняцца на дасягнутых поспехах і кіруюцца дэвізам: “Адукацыя праз усё жыццё”. А калі прыходзяць на першае працоўнае месца, прыносяць у калектыў свежыя ідэі і новыя перамогі.

молодежь

Так адбываецца ў арганізацыях і ўстановах і нашага раёна. Напрыклад, педагагічны калектыў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага штогод папаўняецца маладымі настаўнікамі. Антон ГАРОХАЎ, Вольга КУЛЯШОВА, Дзіяна МЕДЗВЯДЗЁВА, Эліна СТАНІШЭЎСКАЯ і Сяргей ЛІСТАПАД папоўнілі шэрагі маладых педагогаў нядаўна, але кожны з іх ужо ўнёс свой уклад у развіццё ўстановы, праявіў сябе не толькі ў школьных мерапрыемствах, але і на раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.

Вольга Куляшова і Дзіяна Медзвядзёва працуюць у школе чацвёрты год. Расказваюць, што тут добры калектыў, у якім кожны падтрымлівае адзін аднаго, дапамагае раскрыць таленты і набрацца педагагічнага вопыту.

– Для маладога работніка падтрымка – гэта галоўнае, – адзначаюць маладыя настаўнікі. – У сваю чаргу, мы стараемся праявіць сябе ў розных мерапрыемствах, каб прадставіць школу на вышэйшым узроўні.

Застаўся працаваць у школе і Антон Гарохаў. Пасля двух гадоў адпрацоўкі малады настаўнік вырашыў працягнуць сваю кар’еру на роднай Бялыніччыне.

Да калектыўнай працы актыўна падключыліся і маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў школу летась. Усе разам за некалькі апошніх гадоў маладыя работнікі прынеслі ў скарбонку школы шмат прызавых месцаў і працягваюць сваю працу ў гэтым жа напрамку.

Прыемна, што сярод іх ёсць бялынічане, якія пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў прыехалі на малую радзіму.

– У нашым вялікім педагагічным калектыве моладзі надаецца асаблівая ўвага, – адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна АЛЯНЮК. – Сваімі інтэлектам, энтузіязмам, харызмай, сучаснымі поглядамі на жыццё яны дапаўняюць вопытных настаўнікаў, якія, дарэчы, часта прыслухоўваюцца да меркавання сваіх пераемнікаў.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *