Традыцыйны дзень падпісчыка прайшоў у Галоўчынскім аддзяленні пошты
Традыцыйны дзень падпісчыка прайшоў у Галоўчынскім аддзяленні пошты. У журналістаў райгазеты “Зара над Друццю” была магчымасць пагутарыць са сваімі чытачамі, выслухаць іх пажаданні і прапановы.
У аддзяленні паштовай сувязі працуюць два паштальёны – Наталля РЫБАКОВА і Таццяна САМАЛАЗАВА. Ахоп населеных пунктаў сельсавета немаленькі, жыхарам аграгарадка і суседніх вёсак трэба своечасова даставіць свежую прэсу, прынесці на дом пенсіі, аформіць падпіску на любімыя газеты і часопісы, сярод якіх “Зара над Друццю” займае пераважнае месца.
– Тыя, хто хоць раз выпісваў, працягваюць падпісвацца і па сённяшні дзень, – расказвае Наталля Рыбакова, якая дзесяць гадоў шчыруе паштальёнам і ведае ўсіх сваіх кліентаў. – У кожнага чытача ёсць свая любімая тэма, рубрыкі, сфера дзейнасці, якая яго цікавіць, і што ён прачытвае ў першую чаргу.
– Раёнку праглядваю самай першай, – адзначае Марына КАЎБОВІЧ. – Артыкулы заўсёды актуальныя і цікавыя. Цяпер сачу за матэрыяламі па добраўпарадкаванні. Заўважыла, што матэрыялы па гэтай тэматыцы журналісты падаюць па кожным сельсавеце. Пра гэта пачытаць карысна, каб ведаць, як ідуць справы па навядзенні парадку ў суседніх сельсаветах.
– Пра баршчэўнік Сасноўскага прачыталі, – падключаецца да размовы Вера КУЖАЛЬКОВА. – Нас гэта тэма непасрэдна тычыцца, бо на тэрыторыі Галоўчынскага сельсавета ідзе несупынная барацьба з гэтай небяспечнай раслінай.
Дарэчы, Вера Васільеўна шэсць гадоў адпрацавала паштальёнам і адзначыла, што жыхары вёскі Васількі – самыя актыўныя падпісчыкі “Зары над Друццю”.
– Раённую газету клала ў паштовую скрыню амаль кожнага дома гэтай вёскі, – распавяла яна. – Многія пажылыя жанчыны едуць на зіму ў гарады да дзяцей, а на лета вяртаюцца назад, на малую радзіму. Дык яны прасілі выпісваць газету загадзя, каб да іх прыезду “Зара над Друццю” ўжо прыходзіла ў іх дамы, і яны маглі прачытаць навіны раёна.
Марыя ШУТ.
Фота
Аляксея РАГУЛЁВА.