Жыццё прысвяціў служэнню людзям

Напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў Галоўчыне адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць аб урачы па прызванні і выдатным чалавеку – Віталію ГЛАЗУНОВУ.

Безимени-1

Ушанаваць памяць Віталія Рыгоравіча каля будынка АУАП сабраліся яго родныя і блізкія, сябры, калегі, жыхары і госці аграгарадка Галоўчын. Падчас мітынгу да мікрафона падыходзілі галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, старшыня Галоўчынскага сельсавета Аляксандр ЛЯЎКОВІЧ, жыхары аграгарадка Пётр МІХАЛЬКОЎ, Васіль ЦЫРКУНОЎ, Людміла МАЗАЛЁВА. Кожны з іх выказаў добрыя словы пра гэтага годнага чалавека, падзяліўся ўспамінамі пра доктара.

Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку было прадастаўлена лепшаму сябру Віталі Рыгоравіча Віктару КАВАЛЁВУ, які, дарэчы, прафінансаваў яе выраб.

Віталь Глазуноў прыехаў у Галоўчын у 1974 годзе пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага інстытута. Ён адразу ўзначаліў мясцовую бальніцу і заставаўся яе галоўным урачом да 2009 года. За ўвесь гэты час зарэкамендаваў сябе як высокакваліфікаваны спецыяліст і пісьменны кіраўнік, які згуртаваў дружны калектыў. Галоўны ўрач цалкам аддаваўся працы, меў высокі аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў. Дзякуючы яго энергіі і ініцыятыве, спачатку было капітальна адрамантавана памяшканне старой бальніцы, а затым у 1994 годзе пабудаваны новы будынак.

Галоўчынскія медыкі падтрымлівалі высокі ўзровень якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Іх праца неаднаразова адзначалася граматамі райвыканкама і ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама. Указам Прэзідэнта Беларусі № 325 ад 22 чэрвеня 1998 года за асаблівыя дасягненні Галоўчынская сельская ўчастковая бальніца ўшанавана Ганаровым сцягам Рэспублікі Беларусь.

– Віталь Рыгоравіч да апошніх дзён жыцця заставаўся з калектывам, з бальніцай – і фізічна, і душой, – адзначыла ў час выступлення яго калега Людміла Мазалёва. – Нават калі ён быў на пенсіі, да яго ішлі за парадай. Віталь Рыгоравіч ахвотна перадаваў свае бясцэнныя вопыт і веды калегам. Пры гэтым ён быў не проста доктарам, а сапраўдным лекарам чалавечых душ. Для кожнага пацыента знаходзіў добрае слова, зараджаў сваімі пазітывам і гумарам. З ім проста пагаворыш – і шматлікія праблемы, якія турбуюць, адыходзілі, станавілася лягчэй.

Цяпер мемарыяльная дошка, устаноўленая на будынку АУАП, будзе нагадваць кожнаму, хто пераступае парог установы, што тут працаваў і клапаціўся пра здароўе людзей Доктар з вялікай літары – Віталь Глазуноў.

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *