Спартыўныя пляцоўкі патрабуюць уладкавання
Маніторынг, які быў праведзены Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці, паказаў, што развіццю спорту ў рэгіёне надаецца вялікая ўвага. Разам з тым, шмат створаных у мінулым стагоддзі спартыўных збудаванняў навучальных устаноў абласнога цэнтра не адпавядаюць сучасным патрабаванням, а зямля выкарыстоўваецца неэфектыўна.
Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў важнасць развіцця спорту ў якасці аднаго з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. На нарадзе, якая адбылася ў красавіку бягучага года, ён даў шэраг даручэнняў па прыцягненні дзяцей да заняткаў спортам, які, па яго меркаванні, павінен стаць неад’емнай часткай жыцця кожнага падлетка пачынаючы з дзіцячага садка.
Камітэт дзяржкантролю лічыць, што адным са шляхоў прыцягнення дзяцей і дарослых да заняткаў спортам з’яўляецца абсталяванне тэрыторый навучальных устаноў сучаснымі спартыўнымі збудаваннямі, у тым ліку вулічнымі трэнажорамі. Гэта дазволіць палепшыць навучанне на свежым паветры, а таксама дасць магчымасць дарослым і дзецям, якія пражываюць паблізу школ, займацца спортам па вечарах і ў выхадныя дні.
Магілёўскаму гарвыканкаму прапанавана распрацаваць планы паэтапнага абсталявання тэрыторый навучальных устаноў горада сучаснымі спартыўнымі пляцоўкамі для гульняў у міні-футбол, валейбол, баскетбол, хакей, вулічнымі спартыўнымі трэнажорамі.
Аляксей ІГЛІКАЎ,
намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.