Свята “Купалле” ў восьмы раз збярэ сяброў на беразе ракі Днепр 7-8 ліпеня

Свята “Купалле” ў восьмы раз збярэ сяброў на беразе ракі Днепр 7-8 ліпеня. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў прэс-цэнтры ІА “Магілёўскія ведамасці”, паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ.

Паводле яго слоў, у новым сезоне рэспубліканскага фестывалю “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) будзе прадстаўлена пашыраная праграма, якая прадугледжвае шмат культурных і забаўляльных мерапрыемстваў з удзелам як айчынных, так і замежных творчых калектываў – Латвіі, Літвы, Расіі, Польшчы, Германіі і Украіны. Замежныя краіны таксама будуць прадстаўлены як самадзейнымі калектывамі, так і беларускімі грамадска-культурнымі аб’яднаннямі, што асабліва сімвалічна ў Год малой радзімы.

Тэма малой радзімы будзе галоўнай на фэсце, яна таксама легла ў аснову вялікага тэатралізаванага прадстаўлення на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы першага дня фестывалю. У гэтым творчым дзеянні свята плануюць задзейнічаць зорак расійскай, украінскай і беларускай эстрады, у тым ліку ВІА “Сіняя птушка”, Сяргея Трафімава, Мікалая Гнацюка, Вікторыю Кахану, Алену Ланскую, Івана Вабішчэвіча, Аляксандра Саладуху і шэраг іншых папулярных артыстаў. Галоўная канцэртная пляцоўка гатова прыняць ад 2,5 да 3,3 тысячы гледачоў. А ў цэлым на свята чакаюць больш за 110 тысяч чалавек, што дазволіць пабіць леташні рэкорд.

Пасля заканчэння галоўнага прадстаўлення гасцей фестывалю чакае святочны феерверк і моладзевая дыскатэка.

Адметнай асаблівасцю “Купалля – 2018” стануць мерапрыемствы ў рамках Дзён культуры Украіны на рэспубліканскім свяце, якія пройдуць, у асноўным, у другі дзень фестывалю. У тым ліку знакаміты “Сарочынскі кірмаш”, коннае шоу “Кіеўская Русь” і вялікі канцэрт з удзелам зорак украінскай эстрады: Ціны Кароль, Алега Вінніка, Іва Бабула, Ленары Асманавай, групы Luiku і Нацыянальнага заслужанага ансамбля танца Украіны імя Паўла Вірскага. Свята ў другі дзень будзе доўжыцца да 23.00.

Падрыхтавана для наведвальнікаў фестывалю рознапланавая інтэрактыўная праграма, гэта значыць, што любы жадаючы зможа паўдзельнічаць, напрыклад, у конкурсе купальскіх касцюмаў, пераможцаў якога чакаюць падарункі і прызы. А для самых актыўных падрыхтаваны “Купальскі квэст”, які быў апрабаваны ўпершыню ў мінулым годзе. У бягучым сезоне прадставяць на выбар дзве яго тэмы: нацыянальныя традыцыі і малая радзіма.

Фестывальная праграма багатая і на мноства прэзентацый, у тым ліку другіх Еўрапейскіх гульняў і Магілёва як маладзёжнай сталіцы Беларусі 2018 года. Упершыню будзе праведзена прэзентацыя аграэкасядзібаў Беларусі. А абласныя творчыя пляцоўкі будуць забаўляць гасцей выступленнямі творчых калектываў і прэзентацыямі сваіх фестываляў.

На Магілёўскай абласной пляцоўцы плануюць задзейнічаць 18 раёнаў, кожны з якіх прадставіць свае лепшыя творчыя калектывы і фестывальныя праекты, пра якія ўжо ведаюць далёка за межамі вобласці. У тым ліку “Свята лялькі” – Круглянскі раён, абласное свята “Народная прыпеўка” – Слаўгарадскі раён, Чавускі раён –       “У госці да радзімічаў” і “Зялёныя святкі”, “Дрыбінскія таржкі” – Дрыбінскі раён, “Свята агурка” – Шклоўскі раён, раённы фестываль сена – Кіраўскі раён і іншыя.

Запланаваны фестываль фарбаў, экскурсійныя маршруты, выстава прадукцыі прадпрыемстваў рэспублікі, свята квасу і выстава-продаж хлебабулачных вырабаў, паказальныя выступленні спартсменаў і мноства канцэртных праграм, у тым ліку канцэрт бардаўскай песні і дзяржаўнага тэатра танца “Казакі Расіі”.

У цэлым жа плануецца ўдзел у гэтым годзе больш за 1,5 тысячы творчых калектываў і выканаўцаў.

Уразяць наведвальнікаў і гандлёвыя рады фестывалю – іх працягласць перавысіць 1 кіламетр. 139 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання маюць намер размясціць на фестывальнай тэрыторыі, парадку 3000 пасадачных месцаў зробяць для наведвальнікаў. Зноў жа, для іх зручнасці ўстановяць на час фестывалю дадаткова відэаэкран побач з галоўнай сцэнай свята, які дазволіць назіраць за тым, што адбываецца на ёй у дастатковай аддаленасці.

Гатова свята прыняць і аўтааматараў. Для іх падрыхтавана вялікая паркоўка, ад якой да месца правядзення фестывалю можна будзе дабрацца на грамадскім транспарце. Там жа, побач з паркоўкай, можна будзе ўстанавіць палатку і ўладкавацца на начлег, калі з’явіцца жаданне наведаць мерапрыемствы адразу двух дзён “Купалля”.

Квіткі на галоўныя канцэртныя мерапрыемствы ўжо паступілі ў продаж, займаецца іх рэалізацыяй абласная філармонія. Кошты ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся не значна. Напрыклад, калі на гала-канцэрт першага фестывальнага дня ў 2017-м білет каштаваў 25 рублёў, сёлета – 27 рублёў. Канцэрт, які пройдзе ў рамках Дзён культуры Украіны, каштуе 10 рублёў. Квіткі таксама можна купіць і праз інтэрнэт-рэсурс kvitki.by.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *