У Бялынічах прайшоў абласны этап спаборніцтваў “Лесаруб – 2018”

Згадзіцеся, зараз нямнога засталося прафесій, дзе пераважную ролю адыгрываюць мужчыны. І справа тут зусім не ў гендэрных асаблівасцях. Проста ў гэтых сферах дзейнасці   патрэбна і сіла, і вынослівасць, і сапраўдная мужчынская загартоўка. Адна з такіх прафесій – лесаруб.

комманда

Вось і ў мінулую пятніцу ў Бялынічах сабраліся вальшчыкі лесу з усіх лясгасаў Магілёўшчыны, каб прыняць удзел у абласным этапе спаборніцтваў “Лесаруб – 2018”.

Першая частка іх праходзіла на базе ФАКу “Друць”, дзе каманды паказвалі свой спрыт і прафесійнае майстэрства ў пяці намінацыях. Гэта замена ланцуга пілы, дакладная распілоўка, абрэзка галін, распілоўка камбінаваным рэзам і эстафета. Другая частка спаборніцтваў праходзіла на базе Кіраўскага лясніцтва. Члены каманд удзельнічалі ў валцы дрэў у натуральных умовах, у лесе.

Надвор’е, якое з раніцы раскапрызілася дажджом, як ні дзіўна, паспрыяла канкурсантам. Адсутнасць спёкі, насякомых і лёгкі ветрык толькі ўзнялі іх баявы настрой. Тут трэба мець на ўвазе тое, што лесарубы працуюць у самых складаных умовах надвор’я, і іх рабочая экіпіроўка прадугледжана для больш халоднага сезону.

Падтрымаць сваіх калег і адшліфаваць прафесійнае майстэрства ў Бялынічы завітала таксама зборная каманда Міністэрства лясной гаспадаркі. Прадстаўнікі яе, да слова сказаць, з’яўляюцца дзеючымі чэмпіёнамі свету сярод лесарубаў. У 2016 годзе падчас міжнародных спаборніцтваў вальшчыкаў лесу, якія праходзілі ў Польшчы, беларуская каманда атрымала ўпэўненую перамогу. Сёлета яны будуць прадстаўляць нашу краіну на чэмпіянаце свету ў нарвежскім Ліллехамеры.

А па выніках абласнога спаборніцтва лесарубаў першае месца ва ўпартай і відовішчнай барацьбе ў агульнакамандным заліку занялі прадстаўнікі ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”, другімі сталі бялынічане, а трэцімі – лесарубы з Асіповічаў. Яны атрымалі дыпломы і кубкі з рук галоўнага ляснічага Магілёўскага ДВЛГА Генадзя ФРАНЦІКАВА.

Удзельнік каманды бялыніцкіх лесарубаў  Сяргей ПЛЕХАЎ заняў другое месца ў намінацыі “Дакладная распілоўка”, трэцяе ў абрэзцы галін і ў выніку ў асабістым заліку стаў трэцім. Яшчэ адзін прадстаўнік бялыніцкай каманды Сяргей БАРОДЗІЧ стаў другім у намінацыях па валцы дрэў, абрэзцы галін і ў асабістым заліку па выніках усіх пяці конкурсаў.

Спецыяльным дыпломам “За настойлівасць у авалоданні прафесіяй і працоўную актыўнасць” і каштоўным падарункам ад Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання адзначаны малады ўдзельнік каманды ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” Дзмітрый  БАРОДЗІЧ.

Дур

личные

ловк

первый

пила 2

пила

судьи

суки

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *