У лес ідзіце з асцярожнасцю
З пачатку летняга сезона рэзка павялічылася колькасць заяў аб вышуку грамадзян, якія адправіліся ў лес збіраць ягады.
20 чэрвеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла тэлефоннае паведамленне аб тым, што састарэлая жыхарка Магілёва раніцай на чыгуначным транспарце прыбыла на станцыю Друць і накіравалася ў бліжэйшы лясны масіў па ягады. Нягледзячы на тое, што раней яна неаднаразова тут бывала, праз некалькі гадзін жанчына страціла арыентацыю на мясцовасці і заблукала. Мабільнага тэлефона пры сабе яна не мела. У другой палове дня занепакоеныя знаёмыя вырашылі звярнуцца па дапамогу ў міліцыю.
У пошукавых мерапрыемствах былі задзейнічаны 23 супрацоўнікі міліцыі і экіпаж паста РАНС у аг. Цяхцін. Яны да позняга вечара прачэсвалі лес. Агульная плошча абследаванай тэрыторыі склала каля 85 га і 9 кіламетраў чыгункі.
Выратавальнікі знайшлі ягадніцу каля чыгуначнага палатна ў пяці кіламетрах ад ст. Друць. Яна патлумачыла, што сіл у яе хапіла толькі на тое, каб выйсці з лесу. З-за стомы і ўзросту далей рухацца ўжо не магла. Жанчына была неадкладна дастаўлена ў прыёмнае аддзяленне ЦРБ для абследавання.
Аднак далёка не ўсе выпадкі з людзьмі, якія заблукалі ў лесе, маюць шчаслівае завяршэнне. Цяпер у раёне вядзецца пошук двух пажылых мужчын, якія пайшлі ў лес у 2015 і 2016 гадах. Іх месцазнаходжанне да гэтага часу невядома, і шанцы знайсці іх жывымі практычна роўныя нулю.
Адпраўляючыся ў лес, абавязкова паведамляйце аб гэтым сваім родным ці суседзям. Па магчымасці бярыце з сабой спадарожніка. Апранайцеся ў яркую вопратку. Абавязкова бярыце з сабой пітную ваду, мінімальны запас прадуктаў, сродкі сувязі, запалкі, нож. Заўсёды трымайце пры сабе кавалак яркай матэрыі альбо поліэтыленавы пакет, каб у выпадку, калі заблукалі, маглі пакідаць за сабой сляды. Сустракаючыся з іншымі грыбнікамі і ягаднікамі, пытайцеся ў іх, адкуль яны, як доўга знаходзяцца ў лесе ці неабходна ім якая-небудзь дапамога.
Калі вы ўсё ж заблукалі, не панікуйце. Вызначце адзін напрамак, у якім збіраецеся ісці. Для гэтага арыентуйцеся па сонцы альбо, пры яго адсутнасці, па моху на дрэвах: ён заўсёды размешчаны з паўночнага боку. Рухаючыся па лесе, пакідайце за сабой сляды: прывязвайце кавалачкі матэрыі да галін дрэў, абломвайце галіны і г. д. Прыслухоўвайцеся, магчыма, недалёка праходзіць чыгунка альбо аўтадарога. Ноччу развядзіце вогнішча, паспрабуйце знайсці сховішча на дрэве.
Калі вашы сваякі не вярнуліся з лесу больш за 5-6 гадзін, неадкладна паведамце пра гэта ў РАУС або МНС па тэлефонах 102 і 101, адпаведна.
Вікторыя САФАРАВА,
оперупаўнаважаны АКВ РАУС.