Байцы “зялёнага” фронту
Студэнцкія атрады з ліку вучняў сярэдніх школ кожны год працуюць на вуліцах горада. У іх першы працоўны дзень карэспандэнт райгазеты сустрэлася з маладымі людзьмі, якія займаліся азеляненнем Бялынічаў. Хлопцы і дзяўчаты ў спецадзенні БУКП “Жылкамгас” шчыравалі на праполцы клумбаў па вуліцы Савецкая.
– Я рабочы зялёнага будаўніцтва 2 разраду, працую другі год запар, – распавяла вучаніца 10 “Б” класа СШ № 2 Аліса БЕЙЗЕРАВА. – Гэта добрая магчымасць не толькі зарабіць грошай, але і пазнаёміцца з новымі людзьмі, знайсці сяброў.
– Працоўны дзень працягваецца чатыры з паловай гадзіны, – падтрымлівае размову сяброўка Алісы, вучаніца 10 “А” класа СШ № 2 Інга ЦІТАЎЦОВА. – З прапанаваных варыянтаў летняй занятасці абраную працу ў жылкамгасе лічу лепшай. У нашай групе адчуваецца дух адзінства і падтрымкі, што вельмі важна.
Кіруе атрадам малады спецыяліст, настаўнік замежнай мовы СШ № 2 Анжаліка КРЫСЯНКОВА. Яна ў спецвопратцы разам са сваімі падапечнымі прыводзіць клумбы ў парадак.
– Настрой у рабят вельмі бадзёры, многія з іх не ўпершыню працуюць у студатрадах, – кажа настаўніца. – Разам з дзецьмі працую, хоць і знаходжуся ў адпачынку. Не хочацца заставацца ў баку ад такой важнай справы.
Па словах першага сакратара РК ГА “БРСМ” Наталлі БАРОДЗЬКА, сфарміраваны 5 студатрадаў, якія налічваюць 63 чалавекі з дзвюх гарадскіх школ. Імі кіруюць настаўнікі. У склад атрадаў таксама ўключаны чацвёра дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і 7 чалавек, пастаўленых на ўлік у ІСН. Працоўная змена для вучняў складае 10 дзён, дзецям да 16-гадовага ўзросту неабходна пісьмовая згода іх бацькоў.
Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.