У школьным лагеры лепшы адпачынак

Летнія канікулы далі старт рабоце школьных лагераў, якія цэлы месяц дзейнічалі на базе ўстаноў адукацыі раёна. Пра вясёлыя і пазнавальныя будні іх выхаванцаў нашы няштатныя аўтары даслалі заметкі ў рэдакцыю газеты.

Безимени-1

Педагог-арганізатар СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага Дзіяна МЕДЗВЯДЗЁВА напісала, што па 21 чэрвеня на базе школы працаваў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Факел”. За гэты час у ім адпачыла 71 дзіця. Сярод іх былі рабяты са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Кожны дзень змены адрозніваўся ад папярэдняга і быў напоўнены новымі ўражаннямі ад сустрэч з цікавымі людзьмі. Раніца пачыналася з актыўнай зарадкі, якую праводзіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віталь КАРАЛЁНАК. Пасля смачнага сняданку выхаванцаў лагера чакалі розныя мерапрыемствы: спартыўнае свята “Дзень Нептуна”, майстэрня “Умелыя ручкі”, складанне калажа “Вось такое наша лета”, спаборніцтвы юных веласіпедыстаў “Бяспечнае кола”, караоке-шоу “Чароўны куфар”, гульня “Край родны мой – Белая Русь” і іншыя.

Штодзень праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, падчас якіх рабяты сапернічалі ў хуткасці і спрыце. Спартыўныя мерапрыемствы з’яўляліся адным са складнікаў агульнага комплексу аздараўленча-забаўляльнай праграмы. Вялікая ўвага надавалася не толькі прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, але і вывучэнню правілаў дарожнага руху, пажарнай бяспекі.

светиловичи

Кожны раз падчас правядзення хвілінак бяспекі выхавальнікі нагадвалі дзецям аб бяспечным перамяшчэнні ад дома да школы.

Падчас работы лагера яго выхаванцы наведалі кінатэатр “Зорка”, раённую бібліятэку. Шмат уражанняў засталося ў дзяцей пасля экскурсіі ў РАНС. У школьнікаў была магчымасць паглядзець на службу выратавальнікаў знутры. Агняборцы прадэманстравалі дзецям работу гідраўлічнага аварыйна-выратавальнага інструмента і іншыя тэхнічныя сродкі, якія яны выкарыстоўваюць у сваёй працы.

Не менш цікавым і займальным быў адпачынак дзяцей у лагеры “Сонейка”, які працаваў на базе Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ. Пра гэта напісала яго начальнік Вольга ЧЭБЕРАК.

Адзінаццаці яго выхаванцам лагер дапамог раскрыць новыя творчыя здольнасці, навучыў радавацца перамозе сяброў і не сумаваць пры ўласных няўдачах.

На працягу змены дзеці развучвалі новыя песні, хадзілі на экскурсіі, аказвалі шэфскую дапамогу ветэранам, прымалі актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, устанаўлівалі свае маленькія рэкорды, гулялі на свежым паветры, вывучалі правілы дарожнага руху і бяспекі, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і плакатаў.

Разумна арганізаваны летні адпачынак дзяцей, стварэнне неабходных умоў для ўмацавання іх здароўя – гэта і былі асноўныя задачы выхавальнікаў і кіраўніцтва лагера.

А вось з Машчаніцкай сярэдняй школы паведамілі, што ў іх установе ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года рэалізуецца рэспубліканская акцыя “Малая радзіма – ад вывучэння да дзеяння”.

Асаблівасць правядзення  гэтай акцыі – зрабіць акцэнт на развіццё практычнага краязнаўства непасрэдна на месцы. У рамках яе вучні школы здзейснілі краязнаўчыя паходы па цікавых мясцінах малой радзімы, пазнаёміліся з гісторыяй і асаблівасцямі навакольнай прыроды.

Для вучняў пачатковых класаў быў арганізаваны паход у вёску Рудня, дзе ў далёкім мінулым з балотнай руды выплаўлялі жалеза, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах яе дзейнічаў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Асмана Касаева.

Школьнікі пятага класа наведалі брацкую магілу воінаў-сувязістаў, якая знаходзіцца непадалёку ад вёскі Сякерка. Яны даведаліся, што ўпершыню назва гэтай вёскі згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1775 годзе, а ў кнізе “Памяць” пералічаны ўраджэнцы яе, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Старшакласнікі наведалі помнік воінам-артылерыстам у вёсцы Восліўка, дзе 5 ліпеня 1941 года яны вялі бой з фашысцкімі танкамі. Камандаваў адважнымі байцамі капітан Барыс Хігрын. Сёння піянерская дружына Машчаніцкай школы носіць імя героя.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў вучні даведаліся шмат новага і цікавага.

Чытала пошту Марыя ШУТ.

Фота з архіваў лагераў СШ № 1

імя М. І. Пашкоўскага

і Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *