Іх прафесія важная і патрэбная

Напярэдадні прафесійных святаў – Дня кааперацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага дня кааперацыі – у канцэртнай зале РЦК сабраліся тыя, хто прысвяціў сваё жыццё сферы гандлю, дзе патрабуецца майстэрства і ўменне, адказнасць і ўважлівасць, цярплівасць і жыццярадаснасць у любы час года незалежна ад жыццёвых сітуацый.

Па традыцыі адкрыла святочнае мерапрыемства старшыня праўлення райспажыўтаварыства Тамара АДАМОВІЧ.

Безимени-1

– 7 ліпеня адзначаецца Міжнародны дзень кааперацыі, – сказала Тамара Рыгораўна. – У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня заснавання Магілёўскага абласнога спажывецкага таварыства. У нашай краіне Дзень кааперацыі прызнаны дзяржаўным святам і з’яўляецца сведчаннем прызнання заслуг работнікаў спажыўкааперацыі па забеспячэнні дастойнага ўзроўню жыцця насельніцтва.

Па словах старшыні праўлення, на ўсіх этапах развіцця, якія не складаліся б умовы, спажыўкааперацыя заўсёды прытрымлівалася свайго галоўнага прызначэння – служыць людзям, пайшчыкам, выконваць сваю сацыяльную місію.

– Бялыніцкае райста – шматгаліновая гаспадарка. Вядучай галіной яе з’яўляецца гандаль, – адзначыла Тамара Адамовіч. – Спажывецкае таварыства абслугоўвае насельніцтва нашага і Круглянскага раёнаў з агульнай колькасцю 32,3 тыс. чалавек, у тым ліку 14,8 тыс. – вяскоўцы. На долю спажыўкааперацыі прыпадае больш за 50 % усяго тавараабароту раёна. За 2017 год на аднаго жыхара рэалізавана тавараў на суму – 1,121 руб., пры сярэдняй рэалізацыі па аблспажыўсаюзе – 897 рублёў.

Праца ў спажыўкааперацыі дастаткова адказная. Усё, што ім сёння удалося дасягнуць, – вынік працы кіраўнікоў, спецыялістаў, рабочых масавых прафесій. Варта адзначыць, што працоўныя поспехі калектыву высока ацэнены райвыканкамам, аблспажыўсаюзам і Белспажыўсаюзам.

– У гэты святочны дзень ад імя праўлення і камітэта прафсаюза чарговы раз выказваю падзяку ўсім, хто ўнёс і працягвае ўносіць дастойны ўклад у развіццё ўсіх галін дзейнасці, – звярнулася Тамара Рыгораўна да калег і ветэранаў працы. – Вы ўзялі на сябе нялёгкі абавязак – абслугоўваеце і забяспечваеце жыхароў раёна таварамі першай неабходнасці, і паспяхова спраўляецеся з гэтай задачай.

Намеснік старшыні праўлення аблспажыўсаюза Андрэй ГАРБУНОЎ, які прыняў  удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, выказаў удзячнасць ветэранам працы і павіншаваў усіх прысутных з прафесійным святам.

– Без мінулага ніколі не будзе будучыні, – адзначыў ён. – Мы жывём і працуем дзякуючы таму, што ў нас ёсць сувязь пакаленняў. Ёсць у каго вучыцца і пераймаць вопыт.

За шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё галін спажывецкай кааперацыі і ў сувязі з Днём кааперацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнародным днём кааперацыі падзякамі і грашовымі прэміямі аблспажыўсаюза Андрэй Леанідавіч узнагародзіў вядучага бухгалтара транспартнага аддзела Алену МАРЧАНКА і прадаўца магазіна “Універмаг” Вольгу ФІЯЛКОЎСКУЮ.

фиалковская

Намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама і грашовую прэмію намесніку галоўнага бухгалтара па ўліку Алене ФАМІЧОНАК, а падзякі і грашовыя прэміі – прадаўцу магазіна “Мэбля” Ганне ІВАНОВАЙ і цеставоду аддзела прамысловасці Таццяне ШУТОВАЙ.

фомиченок

За актыўны ўдзел у рэалізацыі акцый і мерапрыемстваў, якія праводзяцца РК ГА “БРСМ”, першы сакратар Наталля БАРОДЗЬКА ўручыла падзякі і каштоўныя падарункі начальніку вытворчасці аддзела прамысловасці Анастасіі НАБОКАВАЙ і за актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі – калькулятару ўніверсама “Ластаўка” Вікторыі ШАВЕЛЬ.

Асаблівая ўвага была аказана ветэрану працы Але БОНДАРАВАЙ. Яна больш за 50 гадоў шчыравала ў сістэме спажыўкааперацыі раёна, выхавала не адно пакаленне  спецыялістаў, была ініцыятарам цікавых праектаў па паляпшэнні дзейнасці спажыўкааперацыі. За час сваёй працы шмат разоў узнагароджвалася ганаровымі граматамі і падзякамі.

Напрыканцы чэрвеня ў Магілёве праходзіла святочнае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу і             80-годдзю з дня ўтварэння аблспажыўсаюза. Падчас яго заслужаны ветэран працы калектыву Ала Бондарава ўзнагароджана знакам Белкаапсаюза “50 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі”. Калегі павіншавалі Алу Іванаўну з высокай узнагародай і падарылі кветкі.

Заслужаным ветэранам працы, якія прысвяцілі шмат гадоў прафесіям сферы гандлю, падчас раённага мерапрыемства старшыня праўлення Тамара Адамовіч уручыла грашовыя прэміі, ганаровыя граматы. Пяці супрацоўнікам прысвоены званні “Заслужаны ветэран працы калектыву”.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *