Свята на першым працоўным месцы

Работнікі спажывецкай кааперацыі адзначылі прафесійнае свята. Для прадаўца, кантралёра-касіра ўніверсама “Ластаўка” Аліны ЦАРАНОК і бармэна кафетэрыя “Бабуліна хата” Вольгі БЕЛЬСКАЙ яно першае ў іхніх жыццях.

ласточка

Дзяўчаты папоўнілі калектыў райста зусім нядаўна. Аліна Царанок працуе ў магазіне амаль год. Звязаць сваё жыццё са сферай гандлю вырашыла не раздумваючы. Прыкладам выбару прафесіі сталі бабуля і цётка. Яны шмат гадоў адпрацавалі за прылаўкам. Аліна скончыла Магілёўскі гандлёвы каледж і па размеркаванні трапіла ў родны раён. Сама дзяўчына родам з аграгарадка Цяхцін.

– Хацела, вядома, вярнуцца на малую радзіму, – распавядае Аліна. – На жаль, там не было вакансій, таму пакуль буду працаваць тут. Але, як толькі вызваліцца пасада прадаўца ў магазіне райста роднага аграгарадка, адразу ж вярнуся дадому.

Вольга Бельская працуе яшчэ толькі другі тыдзень, і выбарам прафесіі на дадзены момант задаволена.

– Умовы працы добрыя, калектыў дружны, што яшчэ трэба для таго, каб любіць сваю працу і з задавальненнем прыходзіць на яе, – адзначае дзяўчына. – З Алінай вучыліся ў адным класе, а цяпер і працуем побач.

На пытанне журналіста: “Ці лёгка наладзіць зносіны з пакупнікамі?”, – дзяўчыны адказваюць у адзін голас:

– Дабрыня і цярпенне – галоўны памочнік у гэтай справе. Пакупнікі бываюць розныя, да кожнага трэба знайсці падыход, але мы свядома выбралі для сябе такую працу і будзем старацца пазбягаць непрыемных сітуацый.

Тэкст і фота Марыі ШУТ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *