Добраўпарадкавалі намоленае месца

Добры гаспадар імкнецца да парадку, бо заўсёды ёсць, што падправіць, падфарбаваць, абкасіць. А калі на ўласным падворку чыста і ўтульна, то знойдуцца і грамадскія месцы, дзе яшчэ трэба прыкласці рукі. Такой логікай кіруюцца некаторыя ўраджэнцы і жыхары Падзевічаў і навакольных населеных пунктаў. Яны добраўпарадкавалі тэрыторыю на месцы былой Свята-Пакроўскай царквы.

капл

Некалькі гадоў таму пісьменнік Уладзімір КАРОЛЬ прапанаваў узвесці тут каплічку ці хоць бы альтанку над памятным крыжам. Гэту прапанову падтрымалі Сяргей Юшкевіч, ураджэнец Макаўкі, і народная лекарка Фядора КОНЮХАВА. На іх просьбу адгукнуўся дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ, і работнікі сельгаспрадпрыемства напярэдадні мінулагодняга свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы ўзвялі над памятным крыжам стрэшку. Сяргей і Таццяна Юшкевічы, Галіна СТАЛЯРОВА з Макаўкі на асабістыя сродкі набылі бардовую фарбу і пафарбавалі слупы навеса, каркас пад стрэшкай і лаўку, прыбралі тэрыторыю вакол. А вось саму стрэшку не здолелі, бо не было высокай лесвіцы, дый здароўе не дазваляе так высока забрацца. Да таго ж пайшлі зацяжныя восеньскія дажджы, і далейшыя работы прыйшлося адкласці.

Зазірнуўшы сюды гэтым летам, Сяргей Юшкевіч з радасцю ўбачыў свежапафарбаваныя навес і лаўку. Навокал было чыста і абкошана. Аказалася, што ў аднадумцаў з Макаўкі з’явіліся актыўныя паплечнікі з Падзевічаў. Гэта стараста вёскі Наталля ПАДДУБСКАЯ, дачнікі Галіна КРЫЛІШЭНКА і Алена ЗАЛАТКОВА, якія праводзяць тут кожнае лета. Наталля Паддубская сабрала грошы ў жыхароў Падзевічаў, купіла ахоўнае насычэнне для драўніны, якім жанчыны самастойна пакрылі стрэшку пабудовы.

– Вельмі рада, што ў нас жывуць такія ініцыятыўныя людзі, – дзеліцца ўражаннямі старшыня Запольскага сельсавета Святлана ВАЛЧКОВА. – А многія ўраджэнцы Падзевічаў і навакольных вёсак па-ранейшаму адчуваюць цесную сувязь са сваёй малой радзімай, неабыякавыя да яе гісторыі. Вось так самыя розныя людзі, якія нават асабіста незнаёмыя, сумеснымі намаганнямі добраўпарадкавалі гэта намоленае месца. З 1830 па 1930 гады тут стаяў Свята-Пакроўскі храм, потым размяшчалася бальніца.

Варта адзначыць, што тут жа ляжыць камень-лекар, вядомы сваімі гаючымі ўласцівасцямі далёка за межамі нашага раёна. Вада, якая збіраецца ў яго лунцы, па сцвярджэннях старажылаў, дапамагае выводзіць бародаўкі. Таму важна, каб сцяжынка да гэтага месца, турыстычны патэнцыял якога пакуль не раскрыты, сёння не зарастала.

                                           Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

                                         supitaliou@tut.by

 Фота з архіва Запольскага сельвыканкама.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *