Не забывайце пра сваю бяспеку
Спакойнае і бяспечнае жыццё залежыць ад актыўнай пазіцыі кожнага з нас, праяўлення рашучай рэакцыі на любое злачынства.
Ніколі не заставайцеся раўнадушнымі да чужой бяды, ведайце, што і самі можаце стаць ахвярай супрацьпраўных дзеянняў. Памятайце таксама, што ваша садзейнічанне міліцыі можа аказацца вельмі каштоўным, дапаможа ў далейшым прадухіліць непасрэдную пагрозу жыццю і здароўю вам і вашым блізкім, забяспечыць бяспеку вашага дома.
Не сумнявайцеся ў неабходнасці паведаміць у міліцыю свае падазрэнні, якія могуць дапамагчы раскрыць злачынства, інфармаваць праваахоўныя органы (у тым ліку і ананімна) аб усіх праяўленнях вандалізму і хуліганства, месцах, дзе, магчыма, знаходзяцца злачынцы, звяртайце ўвагу на незнаёмых і падазроных грамадзян.
Уважліва адносцеся да ўласнай маёмасці. Не губляйце дакументы са звесткамі аб каштоўных рэчах, якія вам належаць, захоўвайце іх у надзейным месцы. У выпадку крадзяжу маёмасці паведаміце іх даныя міліцыі, гэта можа значна аблегчыць пошук.
Аляксандр КРОЛ,
інспектар ААПП РАУС.