Памяняць існаванне на жыццё

Калі моладзь пераязджае з вёскі ў горад, гэта лічыцца нармальнай з’явай. Урбанізацыя так ці інакш бярэ сваё. А вось калі, наадварот, маладыя людзі едуць з горада ў вёску, то іх лічаць альбо няўдачнікамі, альбо “рабінзонамі”. Маўляў, у сельскай мясцовасці няма магчымасцей развівацца і прафесіянальна, і як асоба, і ўвогуле, вёска – прытулак для пенсіянераў і тых, хто фізічна не можа прыняць гарадское жыццё…

Карэспандэнт раёнкі вырашыла развеяць гэтыя стэрэатыпы і завітала ў госці да сучасных “рабінзонаў”, якія свядома прамянялі гарадскі тлум на ціхую вуліцу ў Вялікім Нежкаве. Маладая сям’я Аляксея і Марыі БЕЛАЗОР ніколькі не пашкадавала аб сваім выбары.

Лиля

Карані Аляксея ў вёсцы Галубоўка, там зараз жыве яго бабуля. А Маша – таксама вясковая, але з Горацкага раёна.

Спачатку, як і пераважная большасць маладых людзей, яны вырашылі будаваць сумеснае жыццё ў Магілёве. У прынцыпе, усе магчымасці для гэтага былі.

– Жыць у горадзе мне не зусім падабалася, – распавядае Марыя. – Некаторы час здымалі кватэру, а гэта для любой маладой сям’і накладна. Пачалі шукаць жыллё ў вёсцы з умовай, каб мужу не вельмі далёка дабірацца ў Магілёў на працу. Родныя параілі купіць дом у Нежкаве. Мы як толькі ўбачылі яго, так адразу вырашылі, што гэта – наша месца.

Канечне, для таго, каб прывесці жыллё ў парадак, спатрэбіўся яшчэ некаторы час, але маладыя людзі не пабаяліся прыкласці да набытага ўчастка рукі. Усё ж такі свой уласны кавалак зямлі, дый яшчэ ў такім прыгожым куточку! Дом знаходзіцца на невялікім узвышшы, адкуль адкрываецца захапляльнае відовішча на ваколіцу. Побач рэчка, аўтадарога Мінск-Магілёў, аграгарадок Вішоў з развітай інфраструктурай.

Маленькую дачушку Насцечку аддалі ў дзіцячы садок, Марыя ўладкавалася на працу ў лазню БУКП “Жылкамгас”, Аляксей – у Магілёве.

Амаль увесь вольны час, якога ў маладой сям’і дастаткова, Аляксей і Марыя прысвячаюць добраўпарадкаванню сваёй сядзібы. За чатыры гады вясковага жыцця яны зрабілі вельмі шмат: і рамонт у доме, і камунікацыі правялі, і агарод распрацавалі. Марыя распавядае, што многае прыйшлося рабіць з нуля, вакол дома разрасліся кусты, плантацыі баршчэўніку, якія ўтварылі непралазныя джунглі, надворныя пабудовы пахіліліся. Зараз на ўчастку буяюць раскошныя градкі, клумбы з кветкамі, растуць маладыя пладовыя дрэўцы. Аляксей захапляецца ландшафтным дызайнам, адзін куточак саду зрабіў у японскім стылі.

Гордасць Марыі – уласная падсобная гаспадарка. Адразу, як перасяліліся, яна завяла курачак і трусоў, а сёлета купіла маладую цялушку.

– За гэту зіму паправілася на некалькі кілаграмаў, таму вырашыла сесці на своеасаблівую дыету: заняць сябе клопатам аб кароўцы, – жартуе Маша. – У вёсцы пустуе шмат участкаў, з сенам праблем не ўзнікае. Нехта адмаўляецца ад уласнай гаспадаркі, а мне, наадварот, гэта цікава.

Да бацькоў ахвотна далучаецца пяцігадовая Насцечка. Яна дапамагае і пакарміць куранятак, і ў доме прыбраць, і зрабіць для таты з мамай прыгожую падзелку з пластыліну. Доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі маці з дачушкай займаюцца рукадзеллем.

настя

– У вёсцы нам ніколькі не сумна, – адзначае Марыя. – Калі лічыць па фінансавым складніку, то яшчэ і эканомна. Уласная гаспадарка і гарод вырашаюць шмат праблем. Тыя грошы, якія пакінулі б у гарадскіх магазінах, укладваем у больш важныя рэчы. Напрыклад, у мінулым годзе пабывалі ў адпачынку на моры. І сёлета плануем паехаць.

Што датычыцца пастаяннай працы каля вясковага дома, то на гэта маладая жанчына адказвае так:

– Няхай лепш жыццё пройдзе ў працы, чым проста ў існаванні. Прыемна бачыць вынікі сваёй дзейнасці, упрыгожваць тое месца, дзе жывеш. Нам радасна, што домік у Нежкаве стаў для нас не проста кропкай, дзе можна пераначаваць, а тым месцам, у якім адпачываем душой, дзе пусцілі свае карані.

Сад

Святлана

МАГІЛЕЎЧЫК.

svetlanos80@mail.ru

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *