Ці лёгкае яно, «салодкае» жыццё?

Як хораша летам у вёсцы! Навокал усё зялёнае, прыгожае, буяюць кветкі, стройны лад выводзяць руплівыя працаўніцы-пчолкі, збіраючы мёд, якім мы потым з задавальненнем частуемся. Не жыццё, а казка! Але ці так лёгка даецца мядовая смаката? Адказ на гэта пытанне паспрабавала даць карэспандэнт райгазеты і завітала ў госці да жыхаркі вёскі Вялікі Кудзін Лідзіі ЗАЙЦАВАЙ, бадай што, адзінай жанчыны-пчаляра ў нашым раёне.

лида1

Першае расчараванне, якое атрымала падчас размовы з Лідзіяй Іванаўнай, яе заключэнне: пасапраўднаму папрацаваць з пчоламі не атрымаецца. Па-першае, вясновы мёд пчалярка ўжо выкачала, не будзе трывожыць сваіх руплівіц да жніўня. Але можна зазірнуць у вулей і паназіраць за працай пчолак, ну, і, вядома, мёдам паласавацца.

Па-другое, за адзін дзень ва ўсе тонкасці пчалярскага занятку немагчыма ўнікнуць. Патрэбны, як мінімум, год, каб толькі збольшага пачаць разбірацца ў гэтай справе.

– Можна пчаляром нарадзіцца, а можна ім стаць, – распавядае Лідзія Іванаўна. – Але каб у гэтай справе быў поспех, патрэбна быць такім жа працавітым, як у вядомай прыказцы пра руплівую пчалу. Мой бацька, Іван ШАЎЧЭНКА, усё жыццё трымаў пчол. Муж ахвотна займаўся з імі, а калі памёр, усе абавязкі перайшлі да мяне, і цяпер ужо я перадаю накоплены пласт ведаў сыну Міхаілу. Шмат гадоў з’яўляюся членам РГА “Беларускія пчалаводы”, а сын уваходзіць у аб’яднанне пчалаводаў “Бортнік”, што ў Салігорску. Мы маем высокія ўзнагароды за якасць мёду з розных фестываляў і кірмашоў, але не спыняемся на дасягнутым, пастаянна павышаем узровень сваіх ведаў, эксперыментуем, укараняем прагрэсіўны вопыт.

Лідзія Іванаўна з сям’і настаўнікаў, і сама мае ўнушальныя 45 гадоў педагагічнага стажу. Таму пчолкі для яе, нібыта выхаванцы ў дзіцячым садку, – з імі паводзіць сябе цярпліва, упэўнена, ніколі не павышае голас на пасецы. Дапамагаюць з мядовымі справамі сын і ўнучка Ліза. Дзяўчынка ўжо ведае ад бабулі шмат пчалярскіх сакрэтаў, а таксама назвы і ўласцівасці розных траў. А куды ж без іх? Кожны сапраўдны пчалавод павінен разбірацца ў травах і кветках. Лідзія Іванаўна вырошчвае вакол свайго дома расліны-меданосы, якія квітнеюць да позняй восені. Мёд з іх мае ўнікальныя лекавыя якасці.

– З раніцы, увечары і ў даждлівае надвор’е трывожыць пчол нельга, нават для таго, каб проста паназіраць за імі, – інфармуе Лідзія Зайцава. – Трэба пачакаць, пакуль большасць іх разляціцца за ношкамі. І без спецыяльнага адзення на пасеку заходзіць нельга. Нават малому дзіця вядома, што пчолы моцна джаляць.

Пакуль мы з Лідзіяй Іванаўнай чакаем спрыяльнага часу, яна дастае рамку-прамавугольнік, абвіты дротам, і пласцінку з воскам. На драцяную рамку накладвае воскавую пласцінку і спецыяльным прыстасаваннем у выглядзе ручкі з шасцяронкай пачынае хутка праводзіць па пласцінцы. Гэты від работы называецца вашчэннем, а рамка – магазінам. На ёй пчолкі будуюць соты і закладаюць у іх мёд. У мёдагонцы салодкі прадукт аддзяляецца ад воску. Увесь працэс выганкі мёду чымсьці нагадвае мыццё бялізны ў старой машыне “Рыга”.

Пасля таго, як мёд патрапіць у прыгатаваны для яго посуд, рамкі чысцяцца, навашчваюцца і зноў ставяцца ў вулей.

Кожнай пчалінай сям’і на зіму, а іх колькасць у доміку можа быць і дзясяткі тысяч, патрэбна ў сярэднім 16 кілаграмаў мёду. Калі яго не хапае, вясной многія пчаляры падкормліваюць пчол цукрам. Лідзія Зайцава заўсёды пакідае сваім працаўніцам мёд з запасам.

– Зімой пчолам страшны не холад, а голад, цукар жа прыносіць больш шкоды, чым карысці, – дадае яна.

Вось нарэшце патрэбны час надышоў, мы пераапранаемся ў спецыяльнае адзенне светлага колеру (яно не так прываблівае насякомых) і накіроўваемся на пасеку. Каля кожнага вулля туды-сюды снуюць пчолкі.

– Крайнія – гэта ахова, – патлумачыла пчалярка. – Яны далёка не адлятаюць, сустракаюць сваіх працаўніц, а надвячоркам хаваюцца ў вулей самымі апошнімі. Рабочыя пчолы, якія збіраюць мёд, лётаюць на адлегласць 2-5 кіламетраў. Калі кветак мала, то і да 12 км могуць адолець.

Мы падыходзім да аднаго з вулеяў, асцярожна падымаем стрэшку. Там стаяць рамкі, вакол якіх мітусяцца сотні пчолак. Асцярожна ставім навошчаную рамку на вольнае месца. Уся аперацыя займае лічаныя секунды, бо насякомыя востра адчуваюць, калі іх трывожаць. Хуценька апускаем стрэшку вулля на месца, і – ходу ў дом!

– Цяпер на вуліцу паказвацца нельга, – папярэджвае пчалярка.

Пакуль частаваліся чаем з травамі і, вядома ж, мёдам, Лідзія Іванаўна патлумачыла, як адрозніць якасны прадукт ад фальсіфікату. Для гэтага трэба ўзяць мёд лыжкай і выліць назад у посуд. Калі ён ліецца тонкай ніткай, то – сапраўдны. Яшчэ адзін спосаб праверыць салодкі прадукт на якасць – прыслухацца да яго. Мёд павінен “іграць”, гэта значыць, калі яго пераліваюць з посуда ў посуд, чутны адмысловы гук. Важны і кошт: несапраўдны мёд – вельмі танны.

Пчалярка заўважыла, што ў продажы зараз многа падробленага мёду, і гэта стварае пэўныя праблемы для пчалаводаў.

– Найбольш карысны мёд сабраны ў той мясцовасці, дзе чалавек жыве. А завазны, як заморскія фрукты, можна толькі паспрабаваць, – гаворыць жанчына. – Пчаляры прапануюць пакупнікам мёд з вясновых кветак, рапсу, кветкавы, грэчневы, позні… Дарэчы, чыстага ліпавага мёду ў прыродзе не бывае. Мёд з летніх кветак называюць ліпОвым, з націскам на літару “О”, а ліпавы – самі ведаеце, які…

Пасля цікавай гутаркі з пчаляркай прыкмеціла, што выпадковыя людзі ў гэтай справе надоўга не затрымліваюцца. Пчалаводы вельмі арганічна суіснуюць са сваімі падапечнымі, а пра тое, што яны менш хварэюць і жывуць даўжэй, мабыць, усе ведаюць. Прадукты пчалаводства – сапраўдная прыродная аптэчка.

Лідзія Зайцава таксама не ўяўляе свайго жыцця без любімага занятку.

…Дзень хіліўся да вечара, і трэба было кіравацца дадому. На развітанне зірнула на вялікую ліпу каля хаты гасціннай сям’і Зайцавых. На яе кветках усё яшчэ шчыравалі пчолкі. Вось гэта працаўніцы!

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара,

Елізаветы ЗАЙЦАВАЙ

і з інтэрнэт-рэсурсу.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *