Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА зрабіў рабочы візіт у Бялыніцкі раён

У аўторак 10 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА зрабіў рабочы візіт у Бялыніцкі раён, дзе пазнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну і наведаў СВК “Калгас    “Радзіма”.

Безимени-1

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб ходзе нарыхтоўкі травяных кармоў у сельгасарганізацыях краіны і гатоўнасці іх да жніва, развіцці галін раслінаводства і жывёлагадоўлі ў СВК “Калгас “Радзіма”.

У гаспадарцы ў мінулым годзе валавы збор зерня склаў 19482 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 56,2 цэнтнера з гектара, што больш за адпаведны сярэднеабласны паказчык на 22,7 ц, атрымана 1450 тон масланасення рапсу, сабрана 7444 тоны зялёнай масы кукурузы пры сярэдняй ураджайнасці яе 417 цэнтнераў з гектара, што ў 1,5 раза больш за сярэднеабласны паказчык.

Для забеспячэння грамадскага статка жывёлы травянымі кармамі на прадстаячы зімова-стойлавы перыяд у СВК “Калгас “Радзіма” нарыхтавана 38435 тон кармавых адзінак усіх відаў кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 58,4 цэнтнера кармавых адзінак, што ў 2,2 раза больш за сярэднеабласны паказчык, у тым ліку 32,7 ц кармавых  адзінак травяных (у 1,5 раза вышэй за сярэднеабласны паказчык).

За пяць месяцаў бягучага года ў гаспадарцы атрымана 6470 тон малака, ад кожнай каровы надоена па 3059 кг яго, што на 1350 кг больш за сярэднеабласны вынік. Вырашчана 693,4 тоны буйной рагатай жывёлы, сярэднясутачныя прывагі якой на вырошчванні і адкорме склалі 632 грамы, што больш леташняга на 26 грамаў і на 186 вышэй за сярэднеабласны паказчык.

У ходзе свайго рабочага візіту ў СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр Лукашэнка наведаў Алею славы гаспадаркі, якая была ўрачыста адкрыта 3 ліпеня, пазнаёміўся з экспазіцыямі музея гісторыі сельгаспрадпрыемства, у якіх сабрана каля тысячы дакументаў, фотаздымкаў, іншых дакументальных экспанатаў і рэчаў, матэрыялы пра кіраўнікоў і перадавікоў калгаса,         удзельнікаў Першай сусветнай, Грамадзянскай, Вялікай Айчыннай і афганскай войн, знакамітых землякоў…

Падчас наведання жывёлагадоўчай фермы ў вёсцы Саглассе на 1200 жывёламесц, якая, нагадаем, была пабудавана па ўласным праекце і за сродкі сельгаспрадпрыемства, і ўсё гэта зрабіла будаўніцтва яе і абслугоўванне маладняку буйной рагатай жывёлы танным і эканамічна эфектыўным, кіраўнік дзяржавы канстатаваў: сацыяльна-эканамічныя паказчыкі ў раёне ўпалі, за што вельмі строга ён раскрытыкаваў работу раённай і абласной улады, а таксама членаў урада, адказных за Магілёўскую вобласць.

На думку Прэзідэнта, раёну неабходна арыентавацца на вопыт СВК “Калгас “Радзіма” , дзе створана паспяховая вытворчасць дзякуючы інавацыйным падыходам да працы і гаспадарчаму стаўленню да справы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка папрасіў старшыню сельгаспрадпрыемства Аляксандра ЛАПАЦЕНТАВА аказаць садзейнічанне па развіцці раёна і арганізацыі прыбытковых вытворчасцей.

– У нечым мы дапаможам, але не разлічвайце, што сюды нехта нешта будзе ўвальваць: у нас дастаткова напрамкаў, дзе мы ўвальваць павінны і бачыць будучыню, перспектывы, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і дадаў: – Па Бялыніцкім раёне мы дамовіліся: да канца 2020 года ўсё павінна быць зроблена.

Затым з удзелам Прэзідэнта Беларусі ў летнім амфітэатры прайшоў урачысты сход членаў СВК “Калгас “Радзіма”.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў Падзяку Прэзідэнта працоўнаму калектыву СВК “Калгас “Радзіма”, якую прынялі заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Лапацентаў і Мікалай ДАРЭЧКІН, ветэран працы Акцябрына ЛАТУШКІНА, старшыня савета моладзі сельгаспрадпрыемства Таццяна ПАНЦЯЛЕЕВА, і падарыў яму аўтамабіль Geely Atlas.

У сваім слове ў адказ Таццяна Панцялеева заўважыла: яна вельмі ганарыцца тым, што прыняла ўдзел ва ўручэнні калектыву Падзякі Прэзідэнта Беларусі разам з такімі заслужанымі, знакамітымі работнікамі гаспадаркі. А працоўная моладзь сельгаспрадпрыемства зробіць усё, каб з гонарам несці званне работніка СВК “Калгас “Радзіма”.

Гэтых узнагарод працаўнікі сельгаспрадпрыемства ўдастоены за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Уручаючы ўзнагароду і падарунак, Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце няма працы больш самаадданай, чым праца аграрыяў.

– Яна заўсёды была пад сілу толькі самым моцным людзям, якія шчыра любяць зямлю, вобразна кажучы, якія адчуваюць біццё яе сэрца, – сказаў ён.

Менавіта такія людзі працуюць на адным з лепшых прадпрыемстваў краіны – у СВК “Калгас “Радзіма”, – перакананы кіраўнік дзяржавы і заўважыў: – Яго гісторыя даўно стала паказальнай для ўсяго аграпрамысловага комплексу Беларусі. Бачачы вашы дасягненні, не верыцца, што калісьці гаспадарка была стратнай. Але, пераадолеўшы нялёгкія часы, вы ператварылі яе ў высокаразвітую вытворчасць, сучасную і паспяховую. І я вам за гэта шчыра дзякую.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на тым, што вопыт СВК “Калгас “Радзіма” па стварэнні простых, але эфектыўных ферм распаўсюдзяць не толькі ў раёне, але і на ўсю краіну.

Прэзідэнт дадаў, што добрасумленнай працай работнікі калгаса дабіваюцца ўражальных вынікаў: тут не проста вырабляюць прадукцыю, але і зарабляюць вялікія грошы на яе рэалізацыі. Адсюль для ўсіх аграрыяў краіны задача: атрымліваць прадукцыю танна, а прадаваць яе дорага! Па сусветных цэнах.

– Асабліва прыемна адзначыць, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, – што большая частка вашага калектыву – гэта маладыя спецыялісты. Гэта самы наглядны паказчык дабрабыту і перспектыўнасці прадпрыемства.

Прэзідэнт упэўнены, што немалая заслуга ў гэтым належыць старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандру Лапацентаву.

Атрымаўшы адукацыю ў гарадах, маладыя людзі вяртаюцца ў родны аграгарадок.

– Гэта сведчыць не толькі аб высокім узроўні ўмоў працы і быту вяскоўцаў. Хутчэй, гэта адлюстраванне сапраўднага патрыятызму, і выхоўваецца ён на асабістым прыкладзе бацькоў. У вашым выпадку на прыкладзе пакалення, якое стварыла на гэтай зямлі прыгожы і ўтульны куток, куды заўсёды хочацца вярнуцца. Такі працоўны подзвіг натхняе на новыя здзяйсненні, паколькі нельга здрадзіць справе, пачатай бацькамі, –  перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў работнікам СВК “Калгас “Радзіма” за прафесіяналізм і вернасць лепшым традыцыям земляробства, умацаванне аўтарытэту і прэстыжу прафесіі аграрыя.

– Сваёй працай вы забяспечваеце не толькі ўстойлівае развіццё вашага прадпрыемства, але і харчовую бяспеку краіны, –  рэзюмаваў беларускі лідар і паабяцаў наведаць гаспадарку ў наступным годзе, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня яе ўтварэння.

На ўрачыстым сходзе членаў СВК “Калгас “Радзіма” адбылася цырымонія ўручэння пасведчанняў лепшым работнікам сельгаспрадпрыемства аб занясенні іх на Алею славы: былому галоўнаму аграному калгаса імя Леніна, узнагароджанай двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Леніна, Валянціне БАРАНОЎСКАЙ, былым даяркам калгаса імя Леніна Клаўдзіі КЛІМЯНКОВАЙ (узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў) і Акцябрыне ЛАТУШКІНАЙ (адзначана ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга), былой даярцы калгаса імя Фрунзе Галіне ПРАМУЗА, узнагароджанай ордэнамі Працоўнай Славы ІІІ і ІІ ступеняў, механізатару СВК “Калгас “Радзіма”, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Беларусі Мікалаю ДАРЭЧКІНУ.

Пасведчанні аб занясенні на Алею славы ветэранаў сельгаспрадпрыемства, якія пайшлі з жыцця: былых брыгадзіра і агранома калгаса імя Леніна Івана ГРЫШАНАВА (узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені), трактарыста Мікалая ЗАВАДСКАГА (адзначаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга) і механізатара калгаса “Радзіма” Міхаіла КАНЦАВОГА (узнагароджанага ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга) уручаны іх родным.

Пасведчанні работнікаў СВК “Калгас “Радзіма” старшыня гаспадаркі Аляксандр Лапацентаў разам з намеснікам старшыні Міхаілам СКУСАВЫМ уручылі сямі маладым спецыялістам сельгаспрадпрыемства, якія толькі-толькі пачынаюць запаўняць першую старонку сваіх працоўных біяграфій у адной з лепшых у краіне сельгасарганізацыі. А настаяцель Вішоўскай Петрапаўлаўскай царквы протаіерэй Павел блаславіў іх на выніковую працу, падарыў іконы святых апосталаў Пятра і Паўла, заклікаў браць прыклад з бацькоў, лепшых прадстаўнікоў старэйшага пакалення работнікаў гаспадаркі і пажадаў усім удзельнікам урачыстага сходу духоўнага і цялеснага здароўя.

Работнікі СВК “Калгас “Радзіма” і прысутныя на мерапрыемстве атрымалі ад кіраўніка дзяржавы яшчэ адзін цудоўны падарунак – вялікі канцэрт вядучых у краіне творчых калектываў і выканаўцаў народных і эстрадных песень, танцаў. 

Міхась КАРПЕЧАНКА.

mark@tut.by

Фота БелТА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *