Праверылі лецішчы

Супрацоўнікі РАНС на пастаяннай аснове праводзяць прафілактычную працу з насельніцтвам па прадухіленні надзвычайных сітуацый. Каб праверыць захаванне імі правілаў пажарнай бяспекі, выратавальнікі наведваюць іх домаўладанні ў складзе аглядальных камісій.

зайцева

Днямі старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна НАПРЭЕНКА і начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ праверылі дачныя дамы вёскі Мяльнік. Да іх далучылася і журналіст райгазеты.

Як правіла, заспець гаспадароў лецішчаў у асенне-зімовы час складана, таму што на дачы прыязджаюць яны рэдка. Але цяпер, калі летні сезон у самым разгары, члены аглядальнай камісіі змаглі праверыць дамы і пагаварыць з іх гаспадарамі.

У першым жа доме, куды завіталі члены камісіі, выяўлены цэлы “букет” недахопаў. Напрыклад, адсутнічаюць ахоўныя каробкі на месцах злучэння электраправадоў, на печы – расколіны, прытопачны ліст не адпавядае норме. І ў дадатак да ўсяго, у патроне электралічыльніка Віталь Воранаў выявіў некалібраваную ўстаўку, так званы “жучок”, які можа прывесці да кароткага замыкання і стаць прычынай пажару.

Дом аформлены на Ніну КАБЯКОВУ, але цяпер на час адпачынку сюды прыехаў яе ўнук Аляксандр. Ён запэўніваў, што печкай не карыстаецца, бо прыязджае на дачу толькі ў летні час, а пра пералічаныя парушэнні не ведаў. Але гэта не вызваляе яго ад адказнасці. Начальнік РАНС устанавіў кароткі тэрмін на ліквідацыю парушэнняў і абяцаў зайсці да Аляксандра Васільевіча зноў, каб пераканацца ў тым, што яго заўвагі не праігнаруюцца.

– Калі печка маецца, яна павінна быць падрыхтаванай да ацяпляльнага сезона, – звярнуў увагу Віталь Валянцінавіч.

На самой справе гэта правільна. Члены аглядальнай камісіі не змогуць пракантраляваць і пераканацца ў тым, што печкай сапраўды ніхто не карыстаецца. А калі ўжо яна не патрэбна, дык прасцей знесці яе наогул.

– Ведаю, што дачнікі топяць печкі, каб высушыць грыбы і ягады, – дадае начальнік РАНС. – Дый у сырое надвор’е пагрэцца ніхто не адмовіцца.

У наступным доме, які наведала аглядальная камісія, таксама не абышлося без парушэнняў. Сустрэў яе сын гаспадара Аляксей СЦЯПАНАЎ. Расказаў, што бацька прыязджае на дачу на ўсё лета, а ён завітвае да яго толькі ў госці.

Як аказалася, летась гаспадара лецішча папярэджвалі, што расколін на печы быць не павінна, на лямпачках патрэбны плафоны, але той за год так і не ліквідаваў парушэнні.

Члены камісіі апошні раз папярэдзілі Аляксея і звярнулі ўвагу, што калі сітуацыя не будзе выпраўлена, домаўладальнік будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Падчас праверкі лецішча Марыі ЗАЙЦАВАЙ у правяраючых таксама ўзніклі пытанні. У  доме дзве печкі. І калі ў адной няспраўная запорная прылада, якую абавязкова трэба адрамантаваць, то другая наогул размешчана няправільна. З аднаго боку да печкі прымыкае сцяна, з другога – ушчыльную стаіць ложак.

печка

– Так быць не павінна, – адзначае Віталь Воранаў. – Печ трэба  ставіць так, каб сцены і прадметы побыту знаходзіліся на бяспечнай адлегласці – як мінімум 10 см.

Людзі не да канца разумеюць, што падобныя праверкі праводзяцца дзеля захавання іх жыцця і бяспекі, і гэта самае сумнае. Таму выпраўляць парушэнні трэба не толькі “для камісіі”, але ў першую чаргу – для сябе!

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *