Зарабіць свае першыя грошы

Падчас летніх канікул бялыніцкія школьнікі маюць магчымасць атрымаць карысныя навыкі, першы вопыт самастойнай працы, навучыцца ўзаемадапамозе, а таксама, што немалаважна, зарабіць сабе грошы на кішэнныя расходы. Пра тое, якая работа па арганізацыі другаснай занятасці моладзі праводзіцца ў раёне, у прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” распавялі метадыст дзяржаўнай вучэбна-метадычнай установы “Бялыніцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Таццяна ЦІКУНОВА і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА.

барцик

– З якога ўзросту і на якіх работах могуць быць занятыя дзеці?

Таццяна Цікунова:

– У адпаведнасці з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, дапускаецца заключэнне працоўнага дагавора з асобай, якая дасягнула шаснаццаці гадоў. З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў) працоўны дагавор можа быць заключаны з падлеткам, які дасягнуў чатырнаццаці гадоў, для выканання лёгкай працы. Вызначальным крытэрыем у гэтым выпадку з’яўляецца тое, што занятак не павінен быць шкодным для здароўя падлетка і яго развіцця.

Таму дзейнічае пералік лёгкіх відаў работ, зацверджаны Мінпрацы і сацыяльнай абароны, у якія ўваходзяць, напрыклад, адбор пасадачнага матэрыялу бульбы, гародніны, караняплодаў; пасадка і падсадка расады ў адкрытым грунце, раслін, саджанцаў дрэў; догляд за кветнікамі, маладымі ляснымі культурамі без прымянення ядахімікатаў і г. д.

Наталля Бародзька:

– Працягласць працоўнага дня школьніка залежыць ад яго ўзросту. Падчас летніх канікул дзеці ад 14 да 16 гадоў не могуць працаваць больш за 4 гадзіны 36 хвілін, ад 16 да 18 гадоў – не больш за 7 гадзін. Працаваць можна толькі 5 дзён на тыдзень. Варта адзначыць, што падлеткі ў працоўных праваадносiнах прыраўніваюцца ў правах да паўналетніх, а ў сферы аховы працы, працоўнага часу, адпачынкаў і некаторых іншых умоў працы карыстаюцца сацыяльнымі гарантыямі.

– Якія варыянты для заробку грошай ёсць у бялыніцкіх школьнікаў?

Таццяна Цікунова:

– Адной з форм часовай працоўнай занятасці навучэнцаў у летні перыяд з’яўляюцца вытворчыя брыгады. Напрыклад, за чэрвень вучні Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ пашылі пасцельныя прыналежнасці для патрэб ДІСІ. Заработная плата кожнага з іх склала 95 руб. 18 кап.

З 16 ліпеня ўдзельнікі вытворчай брыгады Цяхцінскага ВПК ДС СШ праводзяць рамонт хакейнай каробкі на тэрыторыі гэтай установы адукацыі.

У жніўні праца вытворчых брыгад працягнецца. Умовы залічэння вучняў у іх аналагічныя з прыёмам у студэнцкія атрады. Аб фарміраванні вытворчых брыгад вучням неабходна ўдакладняць у адміністрацыі школ, дзе яны вучацца.

Наталля Бародзька:

– У час летніх канікул адным з накірункаў дзейнасці РК ГА “БРСМ” з’яўляецца аказанне дапамогі па працаўладкаванні моладзі. Яна ўключае ў сябе фарміраванне студэнцкіх атрадаў і курыраванне іх дзейнасці. З кожным  удзельнікам студатрада заключаецца працоўны дагавор, у якім прапісаны ўзаемныя абавязкі і правы бакоў, нормы працы, тарыфныя аклады і надбаўкі. Даходы рабят не абкладаюцца падаходным падаткам.

Сёлета сфарміраваны 5 студатрадаў агульнай колькасцю 63 чалавекі з дзвюх школ райцэнтра. Яны працуюць на базе БУКП “Жылкамгас” і ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” у тры змены: з 4 па 16, 17 па 30 ліпеня і з 31 ліпеня па 13 жніўня. Зараз, напрыклад, байцы атрада СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага займаюцца доглядам кветнікаў і зялёных насаджэнняў у Бялынічах, а СШ № 2 – праполкай саджанцаў і рыхленнем глебы ў гадавальніку лясгаса. Заробак залежыць ад аб’ёму выкананай працы. Напрыклад, у мінулым годзе за 10 рабочых дзён падлеткі атрымлівалі ў сярэднім па 150 руб. Добра заробяць яны і сёлета.

Акрамя матэрыяльнага прадугледжана і маральнае заахвочванне: штогод пад   эгідай БРСМ праходзіць конкурс на лепшы атрад, лепшага камандзіра і камісара атрада, а таксама лепшага наймальніка.

Варта адзначыць, што ў гэтым годзе працоўны семестр прысвечаны 100-годдзю камсамола. А на 1 жніўня прыпадае яшчэ адна юбілейная дата – беларускаму руху студэнцкіх атрадаў спаўняецца 55 гадоў.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

supitaliou@tut.by

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *