Карыснае лета

Лета – любімая пара для ўсіх школьнікаў. Менавіта ў гэты час яны могуць дазволіць сабе гуляць і адпачываць цэлымі днямі, ні аб чым не клапаціцца. Многія прыязджаюць з гарадоў у вёскі да бабуль і дзядуляў, каб пабыць разам з імі бліжэй да прыроды. Аб тым, як правесці канікулы не толькі прыемна, але яшчэ і карысна, ведаюць работнікі дзіцячай бібліятэкі-філіяла.

Безимени-1

Дар’я і Ілья АСТАШОНКІ – частыя госці райбібліятэкі. Прыехалі на лета да бабулі з Мінскай вобласці. Чытанне для іх – адна з галоўных летніх забаў.

– Больш за ўсё люблю кнігі Каці МАЦЮШКІНАЙ, цяпер узяў пачытаць яе “Влипсики. Восстание корней”, – распавядае Ілья. – Не так даўно адолеў усю серыю кніг “Кот да Вінчы”. Уразілі гумар герояў і нечаканыя павароты сюжэту. А вось школьная праграма па літаратуры за шосты клас не спадабалася.

Даша выбірае дэтэктывы для дзяўчынак або кнігі пра жывёл:

– Чытаю серыю твораў Холі ВЭБ аб прыгодах дзяўчынкі-дэтэктыва Мэйзі ХІТЧЫНС, на тыдзень мне хапае дзесьці тры кнігі, – кажа дзяўчынка.

Пра незвычайныя падзеі і прыгоды любіць пачытаць і Ксенія ХРУШЧОВА, якая жыве ў Маскве і таксама прыехала да бабулі ў госці. Дзяўчынкі скончылі чатыры класы і з нецярпеннем чакаюць урокаў літаратуры ў наступным навучальным годзе.

– У дзетак даволі розныя літаратурныя запыты, – адзначае загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла Галіна ЛАПО. – Шмат падлеткаў прыходзяць да нас са спісам кніг для пазакласнага чытання. Акрамя таго, любяць прыгоды, дэтэктывы, творы аб спорце і прыродзе. У нас вялікая колькасць маляўнічых выданняў беларускіх аўтараў:                 Я. Маўра, Я. Купалы, З. Бядулі, Я. Коласа… Яны карыстаюцца папулярнасцю, у тым ліку  і ў дзетак дашкольнага ўзросту. Разам з бацькамі яны чытаюць гэтыя кнігі, каб у школе малым было лягчэй на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

Акрамя гэтага, у рамках бібліятэчнай праграмы “Мы хотим, чтоб ваше лето было книгами согрето”, праходзіць конкурс на лепшага чытача беларускай літаратуры. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць спецыяльныя жэтоны за кожную прачытаную кнігу. Напрыканцы жніўня супрацоўнікі бібліятэкі іх падлічаць і вызначаць пераможцаў. Рабят чакаюць дыпломы і памятныя падарункі.

Самым маленькім сваім чытачам, па словах Галіны Аляксандраўны, бібліятэка прапаноўвае мультпрагляды кожную сераду ў 11 гадзін раніцы. Дзеткі з задавальненнем збіраюцца ў зале “кніжнага храма”, каб паглядзець мульцікі, знятыя па матывах знакамітых казак.

– Наогул, з пачатку лета да нас запісаліся каля 180 дзяцей, – падкрэслівае Галіна Лапо. – І прачыталі яны ўжо амаль 500 кніг!

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *