І зямля ёй усміхаецца

Працавітага чалавека заўважыць не цяжка. І бачна гэта не толькі па ўзорным парадку ў доме ці на рабочым месцы – тут усё зразумела. Сапраўдны руплівец ніколі не спыняецца на дасягнутым, плён яго рук упрыгожвае месца, дзе ён жыве і, вядома, такі чалавек адрозніваецца асаблівай сціпласцю, шчырасцю і дабрынёй.

здымак

Гэтымі словамі можна ахарактарызаваць і жывёлавода СВК “Калгас “Радзіма” Жанну СУСЛЯНКОВУ (на здымку). Сапраўды, працавітасці жанчыны можна толькі па-добраму пазайздросціць.

Кожны дзень з раніцы і ўвечары спяшаецца Жанна Ягораўна на ферму ў вёсцы Саглассе даглядаць сваіх маленькіх выхаванцаў. Пад яе апекай 302 цяляці ўзростам ад 3-х тыдняў да 3-х месяцаў. Праца з такімі малымі вельмі адказная. У гэты самы час цялятак вакцынуюць, таму, акрамя звычайнай работы па доглядзе жывёлы, цялятніца ўважліва сочыць за яе станам, пастаянна трымае сувязь з ветэрынарамі.

Адказныя адносіны да працоўных абавязкаў прыносяць і станоўчы вынік. Два апошнія гады запар Жанна Суслянкова з’яўляецца пераможцам раённага спаборніцтва сярод жывёлаводаў, яе здымак трывала “прапісаўся” на раённай Дошцы гонару. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі і граматамі рай- і аблвыканкама, падзякамі сельгаспрадпрыемства.

– Ні для каго не сакрэт, што ў нашай гаспадарцы асаблівыя адносіны да старанных працаўнікоў, – адзначае Жанна Ягораўна. – Але я раблю не для “птушачкі” ці чарговай прэміі. Вельмі люблю свой занятак, і на ферму заўсёды стараюся прыходзіць у добрым настроі. Жывёла тонка адчувае і клопат, і ласку да яе.

Любоў да працы ў Жанны Суслянковай з дзяцінства. Нарадзілася яна ў вёсцы Ізобішча ў мнагадзетнай сям’і. Як самай старэйшай з васьмі дзяцей прыйшлося дапамагаць выхоўваць не толькі малодшых братоў і сясцёр, але і даглядаць вялікую гаспадарку, якую трымалі бацькі. З мужам Аляксандрам Васільевічам, таксама мясцовым,  з пасёлка Север, вырашылі стварыць сямейны ачаг у Магілёве. Але, як і для большасці маладых сем’яў, перад імі паўстала жыллёвае пытанне. Дый родная зямля прыцягвала назад. У тадышнім калгасе імя Леніна адразу ж выдзелілі маладой сям’і  дом у вёсцы Саглассе. Муж стаў працаваць вадзіцелем у гаспадарцы, а Жанна, калі выйшла з дэкрэтнага адпачынку, – жывёлаводам. Пасля таго як калгас імя Леніна аб’ядналі з СВК “Калгас “Радзіма” Жанна Ягораўна працавала некаторы час на жывёлагадоўчым комплексе “Усход”, а потым зноў перайшла на ферму ў Саглассе.

– Калі толькі пасяліліся ў новым доме, адразу ж завялі падсобную гаспадарку: карову, свіней, курэй, трусоў, – гаворыць жанчына. – Дзеці раслі, трэба было іх вучыць, выпраўляць у жыццё. Таму і дамашняя гаспадарка прырастала. Некалькі гадоў трымалі і чатыры каровы. Дзеці ніколі не адмаўляліся дапамагчы нам. Я рада, што Раман і Марына выраслі стараннымі, працавітымі. Дапамагаюць яны і зараз. Дачка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, з маленькім Ільюшам праводзяць у нас усё лета, а сын добраўпарадкоўвае лецішча ў пасёлку Север. Ён займаецца вырошчваннем агародніны, разводзіць авечак.

Ёсць у Жанны Ягораўны і адметнае захапленне – кветкі. Увогуле, гэтым заняткам здзівіць цяжка: многія жанчыны паспяхова займаюцца кветкаводствам. Але тут трэба ўлічыць штодзённую працоўную занятасць яе на ферме, дый хатнія клопаты ніхто не адмяняў. Цяжка ўявіць сабе, як пры такім шчыльным графіку жанчына знаходзіць яшчэ і час на кветкі?

кветки

– Сама не ведаю, калі ўсё паспяваю, – смяецца Жанна Ягораўна. – Корпацца ў гародчыку для мяне лепш за адпачынак. З ранняй вясны да позняй восені на клумбах нешта квітнее, і калі любуюся гэтай прыгажосцю, уся стомленасць і мітусня адыходзяць на іншы план. Гэта такое адчуванне, нібыта ўся зямля табе ўсміхаецца, і душа расцвітае, як тыя кветкі, рознакаляровымі фарбамі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *