Магчымасць зазірнуць за межы таемнага

Спектакль “Таямніца старой ратушы” стаў прыемным падарункам гледачам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра на свой уласны юбілей – у бягучым годзе сэрцу культурнага жыцця горада споўнілася 130 гадоў.

ратуша

Адметна, што гэта першы беларускамоўны спектакль за апошнія некалькі гадоў. П’есу напісаў крытык, драматург і літаратуразнаўца Сяргей КАВАЛЁЎ, а паставіў яе рэжысёр тэатра Уладзімір ПЯТРОВІЧ. Гэты тандэм прывёў у выніку да шматузроўневага па сэнсе і не зусім звычайнага па форме спектакля, які, без сумненняў, уразіць юнага гледача. У заўвазе да тэксту драматург пазначае: “П’еса разлічана на 12 акцёраў, адрасавана гледачам сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту”. І калі мы вызначаемся з патэнцыяльнай аўдыторыяй, на якую разлічана пастаноўка, закладзены аўтарскі і рэжысёрскі пасыл становіцца даволі зразумелым. Хоць, усё ж, тэмы, якія падымаюцца ў спектаклі, вечныя і не могуць пакінуць абыякавымі гледачоў любога ўзросту. Заслуга гэта належыць у значнай ступені рэжысёру, сцэнографу і мастаку па касцюмах. Менавіта яны пераводзяць вербальныя сэнсы ў прастору сцэны, перамяшчаючы гледачоў у нібыта мінулыя часы і абставіны.

Падзеі пастаноўкі, як пазначае Сяргей Кавалёў, могуць адбывацца ў любым горадзе, дзе ёсць ратуша. Супрацьстаянне дабра і зла – тэма, якая разгортваецца перад гледачом у розных асобах, істотах і масках крывадушнасці, якімі прыкрываюцца злодзеі. Два пакаленні Брацтва ратушы – і выстойвае, праходзіць выпрабаванні маладзейшае. Але не таму, што яны, як кажуць, “маладыя і перспектыўныя”, – не. Проста яны здольныя верыць і кахаць, не ставячы наперадзе матэрыяльныя каштоўнасці і жаданне ўлады. Нягледзячы на сумненні, у Магдалены, Юрасіка, Пётры і Эстэркі атрымліваецца ахвяраваць асабістымі інтарэсамі, каб дапамагчы адзін аднаму ў цяжкай сітуацыі.

А яна сапраўды няпростая. Акрамя чалавечых заганаў, ім прыходзіцца змагацца яшчэ і з містычнымі зданямі, якія забіраюць гараджан па начах. Мабыць, яны – толькі праекцыя тых наступстваў, да якіх у чалавечым свеце вядуць азлабленне, прага да грошай, здрадніцтва і падман. Бо з’яўляюцца ў горадзе здані толькі са смерцю майстры Францішка і яго жонкі Гелены, якім здрадзілі члены свайго ж Брацтва.

Закранута ў пастаноўцы і тэма майстра: пасля смерці частка душы Францішка застаецца жыць у змайстраваным Жалезным Вартаўніку – як і ва ўсёй сусветнай літаратуры жыццё мастака працягваецца ў яго творах. А дачка яго Магдалена, якая нарадзілася ў шлюбе з мастачкай Геленай, надзелена вялікім дарам: яе тканыя габелены могуць мяняць узор і прадказваць тым самым лёс свайго ўладара.

Атмасферу ствараюць стылізаваныя пад старадаўнія часы дэкарацыі і касцюмы. Адзін з галоўных элементаў сцэнаграфіі – гэта, канечне, ратуша. У цэнтры сцэны – вялікі гадзіннік, што даволі сімвалічна. Бо час ідзе, і чалавек заўсёды атрымлівае плён свайго характару і ўчынкаў, адносін да блізкіх. Таму гісторыі звычайна паўтараюцца…

Нельга не адзначыць бліскучы гумар, якім напоўнены спектакль. Нават народная лаянка ў ім прыходзіцца вельмі да месца і ўпісваецца ў сітуацыі гарманічна. У некаторыя моманты героі паводзяць сябе незвычайна, і менавіта гэтым дасягаецца неабходнае: усмешка гледача. Напрыклад, такім контрапунктам з’яўляецца “прафесійны анекдот” ката Кацярынкі. Наогул, сам яе вобраз супрацьпастаўляецца звычайнаму ўяўленню пра ката: жанчына з двума дзецьмі займае гэтую пасаду пасля смерці мужа, каб пракарміць сям’ю. І са словамі: “Паступіў на службу – забывай пра дружбу”, –  гатовая адсякаць галовы нават сваім сябрам. Зрабіць гэтага ў спектаклі ёй не давядзецца, аднак менавіта такі прыём робіць персанаж калі не камічным, то іранічным.

На стварэнне п’есы ў жанры гарадскога фэнтэзі, як прызнаецца сам аўтар, яго натхніў культурны паход з сынам у музей гісторыі Магілёва, што месціцца ў адноўленай гарадской ратушы. А наконт маралі аповеду ён кажа так:

– Як у рэальным жыцці мы з аптымізмам глядзім на нашых дзяцей, новае пакаленне, якое будзе лепшае за нас, у якога ёсць магчымасць усё паправіць, так атрымліваецца і ў спектаклі.

Сіла духу і каханне перамагаюць усё. Мабыць, гэтаму і варта вучыць моладзь, каб, як кажуць, казка ўвасобілася ў жыццё?..

Алена БЫКАВА.

Фота

Галіны РАДЗЬКОВАЙ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *