Чым нас больш, тым мы мацней

З 23 ліпеня па 2 верасня дабрачынная акцыя “Гарады, якія бягуць”, праекта #velcombegom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню пройдзе ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны і кіне выклік аматарам бегу, якія цэняць здаровы лад жыцця і хочуць дапамагчы дзецям.

Удзельнікамі акцыі могуць стаць жыхары ўсіх населеных пунктаў краіны, а бенефіцыярамі – дзіцячыя абласныя цэнтры медыцынскай рэабілітацыі. Сёлета агульны фонд дабрачыннай дапамогі ім складзе 165 000 рублёў.

Акцыя “Гарады, якія бягуць” #velcombegom пройдзе паэтапна ў кожнай вобласці Беларусі на працягу 7 дзён. Жыхары Магілёўшчыны далучацца да яе з 6 жніўня. На працягу тыдня ўдзельнікам трэба будзе выходзіць на прабежкі, а потым рабіць публікацыі ў сацыяльных сетках з указаннем выніку і хэштэгамі: #velcombegom і #mogilev.

У Магілёўскай вобласці дабрачынная дапамога будзе аказана УАЗ “Абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Космас”.

Чым больш “кіламетраў дабра” прабягуць удзельнікі акцыі ў кожнай вобласці, тым больш вялікую суму грошай атрымае мясцовы бенефіцыяр.

Дзіцячая абласная ўстанова аховы здароўя рэгіёну, які перамог, можа разлічваць на 40 000 рублёў.                          Удзельнікі з рэгіёну, які зойме другое месца, прынясуць дзіцячаму рэабілітацыйнаму цэнтру 35 000 рублёў, трэцяе – 30 000, чацвёртае – 25 000, пятае – 20 000, шостае – 15 000 рублёў.

 – Міністэрства аховы здароўя з радасцю далучылася да акцыі “Гарады, якія бягуць”. Такія дабрачынныя пачынанні не толькі папулярызуюць здаровы лад жыцця, але і прыцягваюць увагу грамадства да вырашэння важных пытанняў, – адзначае міністр аховы здароўя Беларусі Валерый МАЛАШКА. – Прыемна, што ініцыятывы #velcombegom з году ў год збіраюць усё больш паслядоўнікаў дзеля добрых і шчырых учынкаў. Спадзяюся, што жыхары нашай краіны далучацца да акцыі “Гарады, якія бягуць”, каб дапамагчы дзецям.

– Беларусы заўсёды ўмелі аб’ядноўвацца, каб дапамагчы сваім родным, сябрам, суседзям, – заявіў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Velcom Мікалай ЮШКЕВІЧ. – Мы спадзяемся, што жыхары ўсіх абласцей змогуць аб’яднацца для дапамогі дзіцячым медыцынскім установам у кожным рэгіёне. Чым больш нас, тым мы мацней.

Вынікі акцыі і пераможцу-бегуна арганізатары яе агучаць 4 верасня на выніковай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Праект #velcombegom дабрачынная спартыўная ініцыятыва кампаніі Velcom, накіраваная на дапамогу дзецям і дзіцячым медыцынскім установам і адначасова на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Забегі #velcombegom праводзяцца штогод, пачынаючы з 2015 года.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *