Каля вадасховішча паблізу вёскі Вольніца прайшоў рэспубліканскі злёт радыёаматараў і радыёспартсменаў

У мінулыя выхадныя каля вадасховішча паблізу вёскі Вольніца прайшоў чарговы рэспубліканскі злёт радыёаматараў і радыёспартсменаў.

Безимени-1

На месца яго правядзення ўдзельнікі пачалі з’язджацца ў пятніцу. Яны разгарнулі пазіцыю КВ-радыёсувязі, наладзілі свой побыт і нават паспелі выйсці ў эфір.

Асноўныя мерапрыемствы адбыліся ў суботу. Іх адкрылі спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, у ходзе якіх, дарэчы, ні адзін карп не пацярпеў, – уся вывуджаная рыба знаходзілася ў садках у вадзе і пасля ўзважвання была выпушчаная ў вадаём. Такім чынам усе правілы спартыўнай рыбалкі былі вытрыманы. Але, тым не менш, радыёаматары ў перапынку паміж спаборніцтвамі змаглі паласавацца смачнай юшкай з рыбы, загадзя злоўленай у навакольных рэках і азёрах.

Пасля ўрачыстага адкрыцця злёту, канцэрта ансамбля “Медуніца” Ланькаўскага СЦК і ВЧ і дэгустацыі салдацкай кашы, прыгатаванай работнікамі райспажыўтаварыства, прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы па УКХ-радыёсувязі на партатыўных радыёстанцыях, першынствы па праграмах RufzXP (прыём пазыўных) і MorzeRunner (работа ў кантэксце), а таксама радыёаматарскі кірмаш і выстава тэхнічнай творчасці.

Галоўная мэта радыёаматараў у час такіх спаборніцтваў – устанавiць як мага больш якасных радыёзлучэнняў. Сеансы фіксуюцца ў Міжнароднай федэрацыі радыёаматараў. Самі спартсмены, каб пацвердзіць, што сеанс адбыўся, шлюць адзін аднаму па пошце спецыяльныя карткі. У нашай краіне налічваецца больш за 1 тыс. радыёаматарскіх ліцэнзій, 826 чалавек маюць права эксплуатаваць электронныя радыёсродкі. Каб далучыцца да шэрагаў радыёспартсменаў, неабходна падаць заяўку ў Беларускую федэрацыю радыёаматараў і здаць адпаведны экзамен. Дарэчы, усе жадаючыя зрабіць гэта або павысіць катэгорыю маглі падчас злёту.

арг

Пастаянныя арганізатары злёту Вячаслаў АСТАФ’ЕЎ і Ларыса ЖУРАВОВІЧ адзначылі, што мерапрыемства сёлета, як і заўсёды, прайшло на высокім узроўні. Гэта адбылося шмат у чым дзякуючы падтрымцы і спонсарскай дапамозе прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Кіраўніцтва ААТ “Новая Друць” выдзеліла 200 літраў мінеральнай і пітной вады, ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” – пяць бляшанак духмянага мёду, БУКП “Жылкамгас” – грашовыя сродкі, на якія былі закуплены турыстычныя прыналежнасці і розныя, неабходныя ў радыёаматарскай справе, рэчы. Іх выкарысталі для заахвочвання пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў у дадатак да медалёў, кубкаў і дыпломаў. На вадасховішчы вёў гандаль аўтамагазін райста. Работнікі лясгаса таксама правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі адпачынку перад заездам гасцей. ФАК “Друць”, ЦРБ і раённая дапаможная школа-інтэрнат дапамаглі з турыстычным рыштункам і спартыўным аснашчэннем. Арганізацыі спаборніцтваў па рыбнай лоўлі садзейнічала кіраўніцтва ААТ “ПМК-82 Вадбуд”, а дырэктар таварыства Аляксей БАРАНАЎ выступіў на іх у ролі галоўнага суддзі.

Нягледзячы на пераменлівае надвор’е, у Вольніцу прыехалі 50 ліцэнзаваных радыёаматараў з усіх абласцей краіны і Мінска, госці з Расійскай Федэрацыі і з Германіі. Пры гэтым з года ў год пашыраецца ахоп удзельнікаў, далучаюцца новыя радыёаматары. Напрыклад, сёлета ўпершыню на злёт завітаў жыхар нямецкага Дортмунда Дзмітрый ПАЛЯКОЎ, які адразу стаў пераможцам мінітэста на УКХ (144 мГц). Займацца радыёспортам ён пачаў у першым класе, калі запісаўся ў радыёгурток пры ДТСААФ. Было гэта яшчэ ў час існавання Савецкага саюза. У 1994 годзе здаў экзамен на атрыманне асабістай ліцэнзіі на выхад у эфір. І спецыяльнасць Дзмітрый Аляксандравіч выбраў пад уплывам свайго захаплення – закончыў Вышэйшае ваеннае марское каманднае вучылішча і стаў ваенным радыстам.

поляк

Акрамя тэматычных мерапрыемстваў на злёце прайшлі спаборніцтвы па перацягванні каната, валейболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі (дарэчы, Ларыса Журавовіч заняла ў іх трэцяе месца) і ўпершыню па колцы дроў. У рамках вечара бардаўскай песні перад удзельнікамі злёту выступіў выканаўца аўтарскай песні з Падмаскоўя Валерый ШЫНЕЎСКІ. Ён з’яўляецца майстрам спорту па радыёсувязі на КХ і ўжо трэці раз запар прыязджае ў Вольніцу. Валерый больш за 50 гадоў удзельнічае ў руху радыёаматараў і вельмі добра памятае свой першы выхад у эфір у 1968 годзе, калі ён адпачываў у дзіцячым лагеры “Артэк”. У дзесяць гадоў Валерый Шынеўскі ўзяў у рукі паяльнік і стварыў ім першыя схемы, таму пытання аб выбары прафесіі ніколі не ўзнікала – ён стаў радыёінжынерам.

шын

дровы

калуны

Як і на папярэдніх злётах, радыёаматары выдатна правялі вольны час на бялыніцкай зямлі і перадалі бялынічанам пазыўны “73”, што на мове сувязістаў азначае “Найлепшыя пажаданні”.

узнаг

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара і з сайта qrz.by.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *