Вось дык знаходка!

Каля пятнаццаці гадоў таму Уладзімір Д. разам з сужыцелькай Таццянай В. пераехалі на пастаяннае жыхарства ў вёску Туалін, дзе калісьці пражываў дзядуля Таццяны. Як звычайна, пасля засялення яны вырашылі навесці парадак у доме.

Падчас уборкі гарышча Уладзімір знайшоў паляўнічы аднаствольны абрэз, металічную трубку да яго, а таксама порах і капсулі.

Мужчыну зацікавіла знаходка. Ён вырашыў прысвоіць яе. Порах са шклянога слоіка пераклаў у бляшанку з-пад кавы і разам з капсулямі схаваў у канапе. Абрэз і трубку паклаў за печ.

Напрыканцы лютага бягучага года да Уладзіміра завіталі супрацоўнікі міліцыі разам з панятымі. Гаспадару прад’явілі санкцыянаваную пракурорам пастанову на агляд яго домаўладання. Але перад тым, як пачаць гэту працэдуру, Уладзіміру прапанавалі выдаць усе прадметы, якія захоўваліся ў яго незаконна, у добраахвотным парадку. Ён перадаў толькі самаробны абрэз і металічную трубку ў выглядзе ствала да яго.

Пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі аформілі працэсуальныя дакументы на канфіскацыю абрэза і металічнай трубкі, адзін з міліцыянераў вырашыў удакладніць у мужчыны, ці ёсць у яго яшчэ якія-небудзь забароненыя прадметы. У той момант Уладзімір успомніў, што ў канапе захоўваецца бляшанка з порахам і капсулі.

Гаспадар сядзібы растлумачыў, што ўсё гэта знайшоў пятнаццаць гадоў таму на гарышчы дома. Каму належала знойдзенае, ён не ведае. Адразу ўсё не аддаў таму, што забыўся – даўно было.

Усе небяспечныя прадметы былі канфіскаваны ў прысутнасці панятых. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі Уладзімір Д. незаконна трымаў у сваім доме выбуховыя рэчы. За гэта прадугледжана пакаранне па ч. 2 арт. 295 КК РБ у выглядзе года пазбаўлення волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам – 1 год.

Таццяна КОЗЫРАВА,

старшы следчы РАСК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *