З 2 па 15 ліпеня праваахоўнікі склалі 43 адміністрацыйныя пратаколы
Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 2 па 15 ліпеня праваахоўнікі склалі 43 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 24, дробнае хуліганства – 11, сямейны скандал – 6, лжывы выклік – 2.
Была і няма. Жыхар Галоўчына патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што невядомыя скралі яго каханую дзяўчыну, аднак абставін справы патлумачыць не змог. Праваахоўнікі расказалі яму аб яго правах і выдалі адміністрацыйны пратакол за лжывы выклік.
Пакупалілі. 7 ліпеня ў дзяжурную службу РАУС паступілі тры паведамленні ад жыхароў вёскі Хвойна аб тым, што ноччу невядомыя пашкодзілі агароджы вакол іх сядзіб, калодзеж і клумбы з кветкамі. Праверку праводзіць РАСК.
Вандал. Жыхар Круглага паскардзіўся супрацоўнікам РАУС на невядомага, які “пагаспадарыў” у яго бацькоўскім доме ў вёсцы Вольніца. Вандал пабіў шкло ў вокнах, пашкодзіў агароджу і падпаліў матрац на ложку, які знаходзіўся ў хаце. РАСК праводзіць праверку.
Людзі скардзяцца на людзей. Жанчына з аг. Вялікая Машчаніца патэлефанавала праваахоўнікам і паведаміла, што да яе ў двор ломіцца невядомы п’яны мужчына. Нежаданы госць атрымаў адміністрацыйны пратакол. Паскардзілася на шумных суседзяў і жыхарка Вішова. Матэрыял справы накіраваны для праверкі ў сельсавет.
Абабралі. Занепакоены бялынічанін патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што з банкаўскай карткі, якую той згубіў, невядомыя знялі 150 рублёў. Праверку праводзіць РАСК.
Недзіцячыя гульні. Жыхарка Цяхціна паскардзілася на трох малалетніх хлопчыкаў, якія на даху яе дома разабралі з дымаходаў цэглу і кідалі ёй у трубу пячнога ацяплення. Праверку праводзіць АКВ.
Ганна КАВАЛЁВА.