Надзейны запас трываласці

Вось ужо трыццаць восьмы год узорна і аддана служыць роднай зямлі, сваёй малой радзіме старшыня СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ.

лам30

Тады, у лютым 1981 года, заступаючы на гэту турботную пасаду, Аляксандр Міхайлавіч пра будучыя бліскучыя поспехі, уласныя і калгаса, канечне ж, нават і не марыў. На той момант галоўным для яго было аб’яднаць калгаснікаў, паставіць на ногі гаспадарку. Хоць мара, вядома ж, і была, яна жыла-цеплілася ў ягоным сэрцы з самага ранняга дзяцінства: яму вельмі хацелася, каб вяскоўцы жылі і працавалі так, як і гараджане.

лам12

І Аляксандру Лапацентаву ўдалося не толькі вывесці гаспадарку ў перадавыя ў Беларусі, але і сцерці тую псіхалагічна-побытавую мяжу паміж горадам і вёскай (сёння вішоўцам зайздросцяць многія гараджане), стварыць надзейны запас трываласці сельгаспрадпрыемства. Не на год-два, а на дзесяцігоддзі!

Гэту рэальную, канкрэтную перспектыву бачаць, адчуваюць і самі работнікі гаспадаркі.

Ці не таму ў СВК «Калгас «Радзіма» з трохсот працаўнікоў кожны трэці – малады чалавек ва ўзросце да 35 гадоў?

Ці не таму тут вельмі шмат сямейных дынастый, складваюцца новыя?

Ці не таму тут кожны трымаецца за сваё працоўнае месца? 

лам14

– Ганаруся сваім калектывам, – кажа Аляксандр Лапацентаў, кавалер ордэнаў Айчыны ІІІ ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, свяціцеля Кірылы Тураўскага, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, Ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна, лаўрэат спецыяльных прэмій райвыканкама і Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года»,  уладальнік нагруднага знака Міністэрства культуры Беларусі «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». – Ганаруся і тым, што нашы людзі сталі паважаць сябе, сваю працу, сваё рабочае месца, бо заўсёды ў нас своечасова ўзнята зябліва, з палёў усё прыбрана, яшчэ да пачатку новага года мы тэхнічна, фінансава і па ўсіх астатніх лініях гатовыя да правядзення ўсіх палявых работ. І паўсюль парадак, няма мітусні і аўралаў. Спакойна працуем у штатным рэжыме, хоць і эксперыментуем, укараняем навацыі, асвойваем сучасныя тэхналогіі па ўсіх кірунках гаспадарчай дзейнасці. Не спыняемся на дасягнутым, а крочым наперад.

лам15

…Так сталася, што з дзевяці дзяцей Міхаіла і Ганны Лапацентавых, якія кожны больш за чатыры дзясяткі гадоў адпрацавалі жывёлаводамі ў Машчаніцы і за сваю руплівасць мелі ўрадавыя ўзнагароды, толькі сын Аляксандр прадоўжыў сялянскую дынастыю. Мабыць, так распарадзілася Неба. Мусіць, такі яго лёс і такая пакліканасць: быць запатрабаваным на сваёй Бацькаўшчыне.

лап8

Міхась КАРПЕЧАНКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *