Праз сябе – да людзей

Шукаючы будучых герояў творчага праекта  па сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Мы роўныя”, не аднойчы сутыкалася з пэўнымі складанасцямі, а часам і непаразуменнем. Не кожны чалавек з інваліднасцю гатовы расказаць пра свае будні, цяжкасці, з якімі прыходзіцца пастаянна змагацца. Але ўсё ж такі пра гэта гаварыць трэба. І нават неабходна. Таму што мы ўсе маем аднолькавыя правы і кожнаму прадастаўлена магчымасць рэалізаваць сябе ў грамадстве.

Безимени-1

Асаблівая размова – дзеці-інваліды. Ніводныя бацькі не жадаюць, каб у іх сям’і нарадзілася такое дзіця. А калі яно ўсё ж з’яўляецца, то большасць сем’яў пераходзіць у гэтак званы “рэжым маўчання”. Уласнае жыццё адступае на другі план, а праблемы хаваюцца. І абсалютна ва ўсіх бацькоў узнікаюць два пытанні: “Чаму – мы?” і “Навошта?”.

Такім пытаннем не аднойчы задавалася магіляўчанка Святлана МАКАРАНКА. З ёй аўтар гэтых радкоў пазнаёмілася праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. Жанчына даглядае дачку, якой спецыялісты-дэфектолагі паставілі несуцяшальны дыягназ – аўтызм.

Святлану Міхайлаўну і яе мужа Паўла Міхайлавіча з Бялыніччынай звязвае шмат агульнага. Па-першае, муж выконвае абавязкі прэсвітара ў царкве евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Бялынічах.  Бацька Святланы, Міхаіл СЛІЗКІ, ураджэнец Прыдруцкага краю, вядомы музыкант-гарманіст і кампазітар, быў кіраўніком адзінага ў Беларусі музея гармонікаў. А яшчэ некалькі гадоў таму Макаранкі купілі дом у Лямніцы.

– Мы шмат гадоў жылі ў Магілёве і пра тое, што станем сельскімі жыхарамі, абсалютна не думалі, – распавядае Святлана Міхайлаўна. – Некалькі гадоў таму пачалі шукаць лецішча менавіта на Бялыніччыне. Так знайшлі неблагі дом у Лямніцы, адрамантавалі і зараз жывём у ім большую частку года. Таксама завялі даволі вялікую падсобную гаспадарку: гадуем коз, індыкоў, качак і курэй.

Самае важнае, пра што распавядае Святлана Міхайлаўна, гэта тое, што ў вёсцы вельмі падабаецца яе “асаблівай” дачцэ Яне. Тут дзяўчына стала адчуваць сябе лепш, пачала больш бываць на вуліцы. Зараз Яна праходзіць курс біякарэкцыі. Вядома, гэта цягне за сабой немалую працу, адно прыгатаванне ежы займае шмат часу, але вынік бацькі заўважылі адразу. У Яны нармалізаваліся многія фізіялагічныя працэсы, палепшыўся псіхічны стан.

Хвароба дачкі прымусіла бацькоў пераасэнсаваць свае погляды на жыццё. Можна сказаць, дзякуючы таму, што самі яны сутыкнуліся з праблемамі існавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі, распачалі вялікую працу па дапамозе дзецям-інвалідам і іх блізкім. Святлана Міхайлаўна з’яўляецца памочнікам дырэктара ГДГА “Блага”, якая дзейнічае ў Магілёве і вобласці. Супрацоўнікі гэтай дабрачыннай арганізацыі аказваюць значную падтрымку інвалідам і сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян. У 2017 годзе ГДГА “Блага” была  адзначана спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама “Дасягненне” ў намінацыі “Сацыяльная абарона”.

– На базе адпачынку “Маяк надзеі”, якая знаходзіцца ў вёсцы Салтанаўка Магілёўскага раёна, прайшлі ўжо 13 лагерных змен, – гаворыць Святлана Міхайлаўна. – Там пабывалі самыя “цяжкія” дзеткі: інваліды-вазочнікі, рабяты з анкалогіяй, дзеці, якія знаходзяцца на гемадыялізе… Важна і тое, што адпачылі бацькі. Уявіце, у якім стане знаходзяцца дзеці, калі іх маці могуць адлучыцца ад іх не больш, чым на 2-3 гадзіны. Падчас адпачынку бацькі і дзеці знаходзіліся па 5-6 гадзін асобна.

макаренко1

– Тое нямногае, зробленае намі за гэты час, вельмі каштоўна, – дадае Святлана Макаранка. – Бацькі, якія пабывалі на адпачынку ў лагеры, адзначаюць, што сталі інакш адносіцца да сваіх дзетак, не ўспрымаць іх абмежаванні як нейкі парог у жыцці, як глабальную трагедыю. На жаль, хворых дзяцей з кожным годам становіцца ўсё больш і больш, але разам з тым знаходзіцца столькі нераўнадушных людзей, гатовых заўсёды прыйсці на дапамогу.

Пры садзейнічанні ГДГА “Блага” з ліпеня 2000 года бясплатная матэрыяльная дапамога была аказана больш як 99 тысячам чалавек. Падтрымку, дарэчы, аказвалі не толькі замежныя фундатары, але і нераўнадушныя да чужых праблем людзі. Зараз супрацоўнікі і валанцёры арганізацыі актыўна выходзяць на рэгіёны.

– Людзі з інваліднасцю жывуць не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх населеных пунктах, – адзачае Святлана Міхайлаўна. – І яны таксама адчуваюць значную патрэбу ў дапамозе. Жыхары Бялыніччыны ўжо звярталіся да нас, але хачу праз газету нагадаць адрас ГДГА “Блага”:                         г. Магілёў, ул. Бялыніцкага-Бірулі, д. 7. Наш тэлефон +375 (222) 27-99-28. Калі вы маеце патрэбу ў дапамозе або хочаце паўдзельнічаць у нашых добрых справах, мы заўсёды рады наладзіць кантакт.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *