Усе мы родам з хат

На жаль, так сталася, што многім хатам Беларусі, якія нашы дзяды і бацькі будавалі, мы здраджвалі затым на працягу дзесяцігоддзяў. Уцякалі ў гарады, будавалі там кватэры, аднак і тут не ўсе прыжываліся…

Наш народ  заўважыў: “Усе мы родам з хат”. Які глыбокі сэнс закадзіраваны ў гэтым простым, на першы погляд, выразе. Мая бабуля Таццяна яшчэ ў маленстве згадала мне шматлікія мудрыя народныя выказванні пра хату: свая хатка як родная матка; няма лепшай хаткі, як у роднай маткі; якая Агатка, такая ў яе і хатка; не да каляды, калі поўна хата бяды; лепш у сваёй хатцы, як у чужым палацы… Нездарма хату параўноваюць з маці, бо маці клапоціцца,  забяспечвае ўтульнасць, абараняе, зберагае.

Маеш хату – значыць, ты гаспадар. І добра, калі гаспадар і гаспадыня жывуць у згодзе і каханні. Добра, калі хату вядуць сапраўдныя гаспадары! Несумненна, асоба значна лепш раскрываецца менавіта ў сваёй гаспадарцы. Таму мы лёгка даведваемся пра гаспадароў, убачыўшы іх хату.  Яе ўнутраны і знешні выгляд –другі твар гаспадара. Мужчынская рука – гэта стрыжань хаты, яе знешні выгляд. Але  ўнутраны камфорт, аўру цеплыні, спакою і гармоніі стварае жанчына. Яна надае хаце жыццё, як жыццё дзіцяці. Казалі: гумно плача без гаспадара, а хата без гаспадыні.

У Год малой радзімы вельмі захацелася паразважаць пра тыя аб’екты матэрыяльна-духоўнай пробы, з якіх па сутнасці традыцыйна і складалася наша нацыянальная рэчаіснасць. Нашы продкі будаванне  для сябе жытла, размяшчэнне яго на пэўнай тэрыторыі прыпадабнялі  стварэнню цэлага светукосмасу. Беларусы спрадвек любілі ставіць хаты на берагах рэк, азёр. А сцены, дах, вокны і былі тымі першымі  межамі паміж асвоеным і неасвоеным, паміж “сваім” і “чужым”. Лічылі, што тая сцяна, на якой рабіліся вокны, павінна была глядзець на ўсход ці на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. 

Увесь інтэр’ер хаты і адлюстроўваў па-свойму ўнікальную будову сусвету.  Жылая прастора  – зямны свет, гарышча – нябёсы. Ролю самой зямлі-глебы выконвала падлога. Таму так распаўсюджана ў  беларусаў абрадавае пасыпанне падлогі зернем.

Мая бабуля Таццяна любіла загадваць мне загадкі: яна галодная – хата халодная, яна пад’ела – у хаце пацяплела. Гэта, канечне ж, пра печ – галоўную, амаль жывую, істоту хаты, бо ў ёй пяклі хлеб, штодзённа гатавалі ежу, на ёй спалі, сушылі вопратку, абутак. Мне таксама пашчасціла яшчэ паспаць на бабулінай печцы. І сон пра той цёплы сон сніцца мне праз усё жыццё.

Было ў хаце і святое месца, якое нашы продкі называлі покуць, або чырвоны кут. На покуці заўсёды віселі абразы, убраныя вышытымі ручнікамі.Своеасаблівай духоўнай воссю тут выступае дыяганаль “кут-печ”, якая адным канцом (чырвоны кут) паказвае на святло, усход, божы бок, а другім канцом (печ) – на захад, цемру.

Хата – гэта ўнікальны сімвал роднасці, на падставе якога не маглі не  нараджацца шматлікія творы многіх мастакоў, пісьменнікаў, філосафаў, псіхолагаў, культуролагаў. 

Нельга не ўспомніць тут і патрыятычнае, па-народнаму простае і мудрае слова Францішка Скарыны  пра “вялікую ласку” – любоў чалавека да бацькаўшчыны. Успомнім, што сям’я дзеда Янкі Купалы была сагнана з  роднага гнязда ў Пясках. І Ануфрый  Дамінікавіч  на  працягу пятнаццаці гадоў пісаў прашэнні, каб адстаяць сваё права на  роднае гняздо. І Янка Купала напісаў драму “Раскіданае гняздо”.

А радкі песняра Якуба Коласа ўжо даўно сталі духоўным гімнам беларусаў:

Мой родны кут,

Як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы…

Дык чаму мы працягваем здраджваць хатам свайго роду?

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

ветэран педагагічнай справы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *