Калі да працы з любоўю адносіцца

“Чалавек на сваім месцы”, – менавіта такую фразу пачула ад жыхароў аг. Вялікая Машчаніца карэспандэнт раённай газеты, калі распытала пра паштальёна мясцовага вузла паштовай сувязі Таццяну КАНДРАЦЕНКА.

почта

Таццяна Валянцінаўна  мае прыязныя адносіны з усімі жыхарамі ўчастка, які абслугоўвае. І не толькі таму, што мясцовая. Самае галоўнае, як лічыць паштальёнка, не  трэба забывацца пра звычайныя чалавечыя якасці – клопат і ўвагу. У ліку яе адрасатаў шмат пажылых людзей: яны і парады пытаюць, і з просьбамі звяртаюцца, дый проста пагаварыць хочацца, абмеркаваць навіны.

Працаваць з карэспандэнцыяй жанчыне вельмі падабаецца. Таццяна Кандраценка адзначае, што значную частку газет у яе паштовай сумцы складае менавіта “Зара над Друццю”.

– І сама чытаю, і людзям рэкамендую, – гаворыць яна. – Упэўнена, што навіны раёна мы павінны ведаць першачаргова.

– Таццяна Валянцінаўна не толькі прыкладны працаўнік, а яшчэ і добрая сяброўка, – дадае начальнік Вялікамашчаніцкага аддзялення пошты Кацярына ДАЛЕЦКАЯ. – Наш калектыў невялікі, але вельмі дружны. Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, разам вырашаем усе складанасці. Вядома, што праца з людзьмі вельмі адказная. Таму добрыя словы на адрас паштальёнаў як індыкатар адлюстроўваюць нашы старанні. А гэта надае новыя сілы і жаданне працаваць яшчэ лепш.

Тэкст і фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

svetlanоs80@mail.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *