Мерапрыемства па прафілактыцы цяжкіх гвалтоўных злачынстваў прайшло ў РАУС

Мерапрыемства па прафілактыцы цяжкіх гвалтоўных злачынстваў, у тым ліку і ў бытавой сферы, прайшло днямі ў РАУС.

Удзел у ім прынялі грамадзяне, якія пастаўлены на ўлік у ААПП, крымінальна-выканаўчую інспекцыю за цяжкія злачынствы супраць жыцця і здароўя, у тым ліку прэвентыўнай накіраванасці. Сабраліся ў актавай зале РАУС і члены сем’яў, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Падчас мерапрыемства перад прысутнымі выступілі супрацоўнікі РАУС. Іх словы былі накіраваны на тое, каб паўздзейнічаць на свядомасць людзей, заклікаць іх не ўжываць алкаголь, бо менавіта ён часта становіцца прычынай цяжкіх злачынстваў, ламае лёсы не толькі сваіх ахвяр, але і іх дзяцей і блізкіх.

Начальнік аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Уладзімір ВЯРШЫЛА прапанаваў незанятым грамадзянам вакансіі ў сферы сельскай гаспадаркі, рабочыя спецыяльнасці, а таксама адзначыў, што зараз  набіраюцца слухачы курсаў для аператараў кацельняў, якія працуюць на цвёрдым паліве.

профил

– У 50 сем’ях у сацыяльна небяспечным становішчы зараз знаходзіцца 103 дзіця, – адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА. – За першае паўгоддзе на ўлік за правапарушэнні непаўналетнія не пастаўлены, але ў камісіі на разглядзе знаходзяцца 4 справы аб крадзяжах. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае недагляд бацькоў, з-за чаго дзеці прадастаўлены самі сабе.

Выязное судовае пасяджэнне правяла старшыня суда раёна Валянціна ПАЎЛАВА. Разгляду падлягалі тры справы: 2 грамадзянскія аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый і адна крымінальная. Такі адкрыты суд прайшоў з мэтай дэманстрацыі наступстваў, якія чакаюць грамадзян пры злоўжыванні імі алкаголем і за супрацьпраўныя, антымаральныя паводзіны ў дачыненні да сваіх родных. Перад прысутнымі выступіў таксама намеснік пракурора раёна Дзяніс КАТКАВЕЦ.

профил3

– Калі п’янства, дробныя хуліганствы і крадзяжы, амаральныя ўчынкі і іншыя правапарушэнні адбываюцца адно за адным – гэта патрабуе тэрміновага іх прыпынення і абавязковай прафілактыкі ў групах павышанай рызыкі, – падкрэсліў ён.

Старшы інспектар ІНіП РАНС Юрый МАРОЗАЎ нагадаў прысутным аб неабходнасці выканання правіл пажарнай бяспекі, заклікаў іх ліквідаваць парушэнні да пачатку ацяпляльнага сезону.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *