Райскі куточак у Чырвонай Слабадзе

Прыкладам добраўпарадкавання і прыгажосці ў Лебядзянкаўскім сельсавеце з’яўляецца падворак Ганны ЛЕЎШУКОВАЙ у вёсцы Чырвоная Слабада. Малая радзіма Ганны Іванаўны і яе бацькоўская хата сталі любімым месцам, дзе праводзіць летні сезон уся яе вялікая    сям’я. Сумеснымі намаганнямі Леўшуковы ператварылі лецішча ў сапраўдны райскі куточак.

алеся

Гэты факт падштурхнуў адшукаць адметную сядзібу на адной з дзвюх доўгіх вуліц Чырвонай Слабады. І міма яе цяжка праехаць, не звярнуўшы ўвагу на трывалую канструкцыю калодзежа-жураўля і, вядома ж, цікавыя яркія скульптуркі каля дома.

– Як толькі цяплее пасля зімы, адразу імчымся на сваю любімую дачу, – распавядае нявестка гаспадыні Алеся ЛЕЎШУКОВА. – Усяго нас тут збіраецца    адзінаццаць чалавек. Вельмі беражліва адносімся да сваёй спадчыны, падтрымліваем парадак і прыдумваем нешта новае для аздаблення сядзібы. Нашы мужчыны пабудавалі летнюю гасцёўню паміж домам і лазняй, каб уся дружная сям’я і госці маглі чаяваць за агульным сталом.

Разам з домам Леўшуковы захавалі і вялікі зямельны ўчастак. На градках вырошчваюць агуркі і памідоры. Вялікі сад, які застаўся яшчэ ад дзядулі і бабулі, адорвае іх смачнымі яблыкамі, а блізкі лес – грыбамі і ягадамі. Ёсць у гаспадарцы куры і трусы.

– У вёсцы канікулы з задавальненнем праводзяць унукі Ганны Іванаўны, – працягвае свой аповед Алеся Фёдараўна. – Тут ім вельмі падабаецца: раздолле, мала машын, можна смела катацца на веласіпедах. Для дзетвары паставілі вялікі надзіманы басейн. У горад яны не хочуць вяртацца, і самае суровае пакаранне для малых – пазбавіць летам паездкі ў вёску. А мой старэйшы сын нават заявіў, што калі б тут была школа, то застаўся б жыць пастаянна.

Ну і, вядома ж, акрамя прыроды і свежага паветра, вабіць у вёску прыгажосць, створаная сваімі рукамі. Разнастайныя яркія кветкі на падворку – гэта захапленне Ганны Іванаўны. А за дызайнерскія рашэнні на ўчастку адказная яе нявестка Алеся Леўшукова.

росп

Асновай для яе творчасці з’яўляецца прыродны матэрыял – камень. Адшукаўшы прыдатны экземпляр, Алеся Фёдараўна з цэментавага раствору вылеплівае на ім неабходныя элементы і размалёўвае скульптуркі. Так атрымаліся кот, жабы, качаняты, вожык, домік з казачнымі персанажамі. Часам жанчына вырабляе скульптуркі цалкам з раствору, як, напрыклад, яшчарку, слімака, павука і божых каровак на камянях, што атачаюць клумбу каля варот дома. На першы погляд усё здаецца вельмі простым, і адразу немагчыма паверыць, што гэтыя аздабленні падворка з’яўляюцца рукатворнымі, а не набытымі ў краме.

яшч

– Аднойчы бацька прынёс невялікія авальныя камяні. Размалявала іх у белы колер, атрымаліся яйкі. Ну, а да яек, зразумела, патрэбна і птушка. Пафантазіравала і вылепіла пацешную страусіху, якая заняла ганаровае месца перад градкамі, – усміхаецца майстрыха.

Са школьнай пары яна вылучалася творчым падыходам, малявала плакаты, і цяпер пэндзаль у яе руках змяняе навакольныя прадметы. Прыгожа аформіла ў двары куток ля вадзяной калонкі, распісала вароты, размалявала лаўкі каля дома і нават слуп лініі электраперадачы.

Галоўнымі памочнікамі ў творчым аздабленні падворка, як адзначае Алеся Леўшукова, з’яўляюцца дзеці. Яны не толькі дапамагаюць, але і натхняюць – у іх вельмі многа ідэй і з імі сама працягвае глядзець на навакольны свет дзіцячым поглядам.

дети

Пасля наведання Чырвонай Слабады асабіста пераканаўся – зусім нядзіўна, што па выніках раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні за мінулы год домаўладанне Ганны Леўшуковай было ўдастоена Дыплома першай ступені.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *