Знайшла сябе ў сферы гандлю

ивановаПрацоўная біяграфія Ганны ІВАНОВАЙ цесна звязана з гандлем. Днямі споўнілася 13 гадоў, як яна шчыруе прадаўцом магазіна райста “Мэбля”.

На пытанне, чым прывабіла менавіта гэта сфера, – Ганна Віктараўна адказвае ўпэўнена і смела: “Мара дзяцінства”. Улічваючы стаж працы, становіцца зразумела, што для яе прадавец – гэта не проста прафесія, а прызванне, лад жыцця.

– Мяне цалкам задавальняе тое, чым займаюся, – адзначае жанчына. – Ведаю шмат людзей, якія змянілі не адно месца працы, каб знайсці сваё. А мне пашанцавала: я знайшла яго з першага разу!

З пакупнікамі, па словах прадаўца, ёй шанцуе. Пакупка мэблі – справа даволі адказная, а дапамагчы вызначыцца з выбарам тавару толькі ў радасць.

– Часам, выслухаю чалавека, што яму трэба, у які пакой, якога колеру і гэтак далей, – распавядае Ганна Іванова. – Потым стараюся параіць, што больш падыйдзе да інтэр’еру і параметраў памяшкання.

Пагадзіцеся: мэблю заўсёды выбраць складана. Гэта ў харчовых магазінах парады прадаўца не заўсёды патрэбныя. Пры выбары мэблі хочацца ўлічыць усе пажаданні, бо выбіраеш тавар не на год і нават не на два.

– Не заўсёды людзі купляюць з першага разу тое, што ім патрэбна, –расказвае Ганна Віктараўна. – Бываюць выпадкі, калі сем’ямі прыходзяць па некалькі разоў, таму што не могуць вызначыцца. Я да гэтага стаўлюся спакойна, стараюся падказаць і падтрымаць іх выбар.

У нашым магазіне можна набыць мэблю не толькі па наяўным або безнаяўным разліках, але і ў растэрміноўку, у крэдыт, па картах пакупак. Пра гэта Ганна Іванова распавядае кожнаму пакупніку, сама ж і афармляе патрэбныя дакументы.

– Сёння не ў кожнага ёсць магчымасць аплаціць тавар адразу цалкам, – адзначае прадавец. – Таму райста ідзе ім насустрач і прапануе розныя спосабы і тэрміны аплаты.

Нягледзячы на тое, што плошча магазіна немаленькая, змясціць усю мэблю ўсё роўна немагчыма. У такім выпадку Ганна Віктараўна прапануе паглядзець каталогі прадукцыі мэблевых фабрык, а затым заказвае той тавар, які спадабаўся пакупніку.

Дзякуючы такім умовам, распавядае Ганна Іванова, у краме з’явіліся пастаянныя пакупнікі, якія час ад часу прыходзяць выбіраць новую мэблю менавіта ў яе магазін. Дарэчы, і сама прадавец пры выбары абновак у свой дом аддае перавагу магазіну, у якім і працуе.

Падчас святкавання Дня кааперацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага дня кааперацыі яна атрымала Падзяку райвыканкама і грашовую прэмію за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *