Спорт моцных целам і духам

Сіла, здароўе, упэўненасць. Такімі словамі можна ахарактарызаваць чалавека, які займаецца паўэрліфтынгам. У атлета выпрацоўваецца самадысцыпліна і мэтанакіраванасць, якія дапамагаюць дасягнуць значных вынікаў не толькі ў спартыўнай зале, але і ў жыцці. Пра гэта не па чутках ведае бялынічанін Міхаіл ЦЕЦЕРУКОЎ, які зяўляецца майстрам спорту па паўэрліфтынгу і прысвяціў яму амаль дваццаць гадоў свайго жыцця.

мих

Многія недасведчаныя блытаюць гэты від спорту з цяжкай атлетыкай і бодзібілдынгам. Тэрмін “паўэрліфтынг” паходзіць ад англійскіх слоў power – сіла і lift – падымаць. Галоўная задача атлета – пераадолець максімальную вагу штангі.

– Паўэрліфтынг развіўся з цяжкай атлетыкі, у якой практыкуюцца два прыёмы – рывок і штуршок, – распавядае Міхаіл Міхайлавіч. – У якасці спаборніцкіх дысцыплін у яго ўваходзяць тры практыкаванні: прысяданне са штангай, жым лежачы і станавая цяга. Таму гэты від спорту яшчэ называюць сілавым трохбор’ем. У адрозненне ад бодзібілдынгу заняткі паўэрліфтынгам, акрамя фарміравання рэльефнасці цела і нарошчвання мышачнай масы, дапамагаюць развіць максімальную сілу.

Першыя крокі ў сілавым трохбор’і Міхаіл Цецерукоў зрабіў, калі быў студэнтам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. У той жа час прыйшлі і першыя дасягненні – перамогі ў складзе каманды ВНУ на розных спаборніцтвах.

Міхаіл скончыў БРУ па спецыяльнасці “інжынер-будаўнік”. Папрацаваў у Магілёве, вярнуўся ў родныя Бялынічы, дзе апошнія дзесяць гадоў шчыруе ў БУКП “Жылкамгас”. Цяпер выконвае абавязкі майстра будаўнічага ўчастка. Гэта праца, безумоўна, патрабуе вялікай адказнасці і ўвагі. А ў вольны час ён накіроўваецца ў спартзалу ФАКу “Друць”, каб падрыхтавацца да чарговых спаборніцтваў.

– У адрозненне ад цяжкай атлетыкі паўэрліфтынг не з’яўляецца алімпійскім відам спорту, – гаворыць бялыніцкі энтузіаст. – Таму фінансуецца ён значна горш і трымаецца ў асноўным на зацікаўленасці саміх спартсменаў. Трэніроўкі, выезды на спаборніцтвы і стартавыя ўзносы, харчаванне, экіпіроўка – усё за ўласныя сродкі. Асабіста я стараюся прыняць удзел не менш як у трох турнірах за год. І заўсёды займаю прызавыя месцы.

Спаборніцтвы па паўэрліфтынгу праводзяцца ў дзвюх намінацыях – трохбор’і (па суме трох дысцыплін) і асобна ў жыме штангі лежачы. Міхаіл спецыялізуецца на апошнім відзе. Акрамя таго, паўэрліфтынг падраздзяляецца на экіпіровачны і класічны. У першым відзе атлеты выкарыстоўваюць спецыяльную экіпіроўку: камбінезоны, жымавыя майкі, кісцевыя і каленныя бінты, рэмень, спецыяльны абутак. Гэта, акрамя прафілактыкі траўматызму, дазваляе паказваць вынік лепш на 20-30 кг. Міхаіл Цецерукоў выступае без экіпіроўкі.

За апошні час бялынічанін перамагаў у першынстве Магілёва (2015 год) і чэмпіянаце Магілёўскай вобласці ў Горках (2016 год). Сёлета стаў пераможцам на адкрытым турніры па класічным паўэрліфтынгу ў Шклове сярод мужчын у вагавай катэгорыі звыш 105 кг. Міхаіл выжаў ад грудзей штангу вагай 220 кг. А рэкорд атлета пакуль складае 240 кг. Ён актыўна працуе над тым, каб палепшыць гэта дасягненне, і заклікае іншых бялынічан далучыцца да руху паўэрліфтыраў:

– Бачу, што ў спартзалу прыходзяць у асноўным “падкачацца”. Запрашаў некаторых паўдзельнічаць у спаборніцтвах, паспрабаваць свае сілы. Але пакуль я з’яўляюся адзіным паўэрліфтарам у нашым горадзе.

Па словах Міхаіла Цецерукова, каб праявіць сябе ў спорце, у першую чаргу, трэба імкнуцца пастаянна працаваць над сабой і, зразумела, весці здаровы лад жыцця.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *